Вячаслава Сіўчыка завочна аштрафавалі на 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў
Суддзя Цэнтральнага раённага суд Мінска Міхаіл Хома прызнаў актывіста Вячаслава Сіўчыка вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных пікетах, якія прайшлі ў Мінску 10 і 11 кастрычніка мінулага года.
svaboda.org
Вячаслаў Сіўчык у суд не прыйшоў, яго судзілі завочна. Абаронца Сіўчыка даводзіў, што акцыя 10 кастрычніка праводзілася ў межах перадвыбарчай кампаніі і таму не патрабавала дазволу на правядзенне, паведамляе Радыё Свабода.
Што да акцыі 11 кастрычніка, паводле адваката, віна Сіўчыка не была даказаная. Сведкі-амапаўцы казалі, што Сіўчык на акцыі 10 кастрычніка «стаяў перад плакатам «Байкот выбараў» і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!»
У выніку суд прызнаў Вячаслава Сіўчыка вінаватым паводле абодвух эпізодаў і аштрафаваў на 30 базавых велічынь. Акцыя 10 красавіка праходзіла ў Мінску спачатку на плошчы Свабоды, адкуль адбылося шэсце да плошчы Якуба Коласа і сустрэча там выбарцаў. Раней за ўдзел ў гэтай акцыі былі пакараныя вялікімі грашовымі штрафамі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, іншыя актывісты. 11 кастрычніка пасля прэзідэнцкіх выбараў у Мінску прайшла нешматлюдная акцыя пратэсту супроць фальшаваньня выбараў.