Гродзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Уладзіміра Хільмановіча

14 студзеня Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргуУладзіміра Хільмановіча. 

Праваабаронца і публіцыст аспрэчваў пастанову суддзі Свіслацкага раённага суда Жаны Салагубік ад 8 снежня, якой ён аштрафаваны на 40 базавых велічынь за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мітынгу і шэсці ў Свіслачы і Якушоўцы 31 кастрычніка мінулага года. Суддзя абласнога суда Мікалай Рачынскі выслухаў довады Уладзіміра Хільмановіча і, не задаўшы аніводнага пытання, прадказальна не задаволіў скаргу.

Уладзімір Хільмановіч лічыць штраф абсалютна незаконным, ён перакананы, што судамі парушаны розныя артыкулы заканадаўства Рэспублікі Беларусь - Закона Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах, Канстытуцыі краіны, а таксама палажэнні Міжнароднага пакту Аб грамадзянскіх і палітчычных правах. Далей праваабаронца мяркуе працягваць аспрэчваць незаконную пастанову і найперш падаваць надзорную скаргу на імя старшыні абласнога суду, паведамляе Гродзенская вясна.

Напомнім, што пастановамі Свіслацкага раённага суду ў розныя дні за прысутнасць на традыцыйным Дні памяці паўстанцаў 1863 году суддзямі Аляксандрам Шыліным і Жанай Салагубік былі аштрафаваныя ажно 6 грамадскіх актывістаў: Уладзімір Хільмановіч і Віталь Гуляк з Ваўкавыска засуджаны да 40 базавых велічынь паводле часткі 3 артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, Юры Глебік са Сьвіслачы – да 25 базавых, гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дмухоўскі – да 10 базавых велічынь паводле першай часткі гэтага артыкулу. А Вітольд Ашурак з Бярозаўкі аштрафаваны Лідскім раённым судом таксама на 10 базавых велічынь.

Касацыйныя скаргі Глебіка (разглядаў суддзя Уладзімір Яўхута), Сазонава і Дмухоўскага (абедзве разглядала суддзя Святлана Даўгашэй), якія разглядаліся раней, таксама засталіся незадаволенымі.