Віктар Малочка судзіцца з Салігорскім тэлеканалам

Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка накіраваў іскавую заяву ў суд на Салігорскі тэлеканал. Рашэнне судзіцца з мясцовымі тэлевізіёншычкамі актывіст прыняў з-за адмовы апошніх паставіць у эфіры у сакавіку 2013 году віншаванні з 95-годдзем Беларускай Народнай Рэспублікі ды адказамі на свае звароты на рускай мове.



sud_skonchany.jpg

— Яшчэ на пачатку сакавіка мною сумесна з мясцовымі актывістамі Таварыства беларускай мовы ў СТК была накіравана заява, датычная ўжывання беларускай мовы ў эфіры тэлеканала. У тым ліку мы прасілі ў паслугу па размяшчэнне ў эфіры святочных віншаванняў уключыць магчымасць замаўляць беларускамоўныя вершы ды песні беларускамоўных выканаўцаў, — кажа Віктар Малочка. — На жаль, нашую просьбу не задаволілі. Больш за тое, адказ нам далі на чысцюткай рускай мове.

Актывіст лічыць, што такімі дзеяннямі дырэкцыя тэлеканала груба парушыла Закон «Аб зваротах грамадзян», а таксама Канстытуцыю Беларусі, якая замацоўвае роўнасць беларускай і рускай моваў.

— Таксама я звяртаўся да Салігорскага тэлеканала з просьбай павіншаваць 25 сакавіка жыхароў гораду з 95-мі ўгодкамі абвяшчэння БНР. Безумоўна, я быў гатовы аплаціць гэтую паслугу па адпаведных расцэнках рэдакцыі. Аднак прачытаць у эфіры верш Ніла Гілевіча «Наша Свята» ды паставіць музыкальную кампазіцыю ў выкананні Данчыка на верш Наталлі Арсенневай «Хатка па-над рэчкаю» рэдакцыя адмовілася. Застаўкуў выглядзе герба «Пагоня» пад час выканання кампазіцыі прыняць таксама не пажадалі, — распавядае спадар Малочка.

Сваю адмову рэдакцыя тэлеканала патлумачыла наступным чынам: Дзень Волі адсутнічае ў пераліку дзяржаўных святочных датаў, герб «Пагоня» не мае рэгістрацыйнага нумара, а песня Данчыка нібыта адсутнічае ў рэпертуары канала.

З такой пазіцыяй салігорскіх тэлевізіёншчыкаў Віктар Малочка катэгарычна не згодны, а шукаць праўду вырашыў у судзе. Акрамя прызнання факту парушэння заканадаўства, актывіст просіць суд абавязаць рэдакцыю СТК прынесці  ў сваім эфіры яму і ўсім жыхарам Салігорска публічныя выбачэнні, якія абавязкова мусяць гучаць на беларускай мове. За адмову пусціць у эфір віншаванне з Днём Волі па надуманых прычынах ды за парушэнне Закону «Аб зваротах грамадзян» Віктар Малочка патрабуе ад Салігорскага тэлеканала кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры аднаго мільёна беларускіх рублёў.

Таксама Віктар Малочка просіць суд усталяваць для канала СТК моўны рэжым вяшчання навіновых ды іншых перадач ў суадносінах 50/50 для беларускай і рускай моваў, а паслугу святочных віншаванняў пашырыць беларускамоўнымі вершамі ды музычнымі калектывамі.
 

spring96.org