«Віктар пастараўся кожнаму хаця б кіўнуць». Што адбываецца на судзе над Бабарыкам?

Сёння ў Маскоўскім судзе Мінску працягваўся працэс па «справе "Белгазпрамбанка"» і Віктара Бабарыкі, які быў кандыдатам у прэзідэнты на мінулых выбарах, адзначае «Свабода».

Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Што такое «справа "Белгазпрамбанка"»

Па «справе "Белгазпрамбанка"» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх топ-менеджары банка. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, па ч.2 арт. 235  Крымінальнага кодэкса і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры па ч.3 арт. 430 (прадугледжана пакаранне ад 5 да 15 гадоў).

Топ-менеджары банка Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзмітрый Кузьміч, Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваецца ў даванні хабару паўторна або ў буйным памеры.

З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.

У суд праз два кардоны з рамкамі

Наведнікаў прапускалі праз рамкі з металашукальнікамі двойчы: на ўваходзе ў будынак суда і непасрэдна ў залу. Правяралі і торбы. Мабільныя тэлефоны трэба было пакінуць у адмысловай схованцы.

У залі суда абвінавачаных ахоўваюць дзесяць міліцыянтаў у камуфляжы і форме, некалькі супрацоўнікаў у цывільным. Месцы на лаўках пазначаныя скотчам дзеля захавання сацыяльнай дыстанцыі, аднак у залі заставалася многа вольных месцаў.

Суд адхіліў хадайніцтва абароны Бабарыкі

Сёння ў судзе дзяржаўныя абвінаваўцы працягвалі зачытваць абвінавачанне. Ужо зачыталі абвінавачанне Бабарыку, Кузьмічу, Задойку, Ільясюку, Шабану, пачалі чытаць Бадзею.

У судзе таксама разгледзелі хадайніцтва абароны Віктара Бабарыкі, якая прасіла выклікаць і дапытаць у судзе двух грамадзян Латвіі — Сцепанаўса і Ростаўса. Гэтыя грамадзяне шмат разоў згадваюцца ў абвінавачанні. Нібыта з іх дапамогай рабіліся нейкія дзеянні, яны кіравалі кампаніямі, праз якія нібыта Віктар Бабарыка атрымліваў сродкі. Аднак падчас следства гэтых грамадзян Латвіі не дапыталі. Суд не задаволіў хадайніцтва, дзяржаўныя абвінаваўцы сказалі, што яны не бачаць магчымасці неяк знайсці і дапытаць гэтых людзей. У сувязі з гэтым суд вырашыў, што не будзе выклікаць гэтых грамадзян.

«Гэта вельмі цікава, бо з прозвішчамі гэтых грамадзян звязана многа высноў абвінавачання, і атрымліваецца, што гэтыя высновы ў прынцыпе бяздоказныя», — сказаў адвакат Зміцер Лаеўскі.

Сцепанаўс і Ростаўс кіравалі кампаніямі ў Латвіі, але абвінавачанне сцвярджае, што тыя кампаніі падкантрольныя Віктару Бабарыку.

Адвакат Зміцер Лаеўскі мяркуе, што працэс будзе «даволі доўгі».

«Іх абавязак даказаць, а мы будзем глядзець, як яны будуць даказваць. Падчас следства мы рабілі выснову, што лічым абвінавачанне недаказаным», — сказаў адвакат.

Адвакаты маюць магчымасць пагутарыць з абвінавачанымі, якія знаходзяцца ў дзвюх клетках пад аховай, прычым Віктар Бабарыка — у далейшай клетцы. Раней хадайніцтва аб змене яму меры стрымання суд таксама не задаволіў.

«На жаль, да сённяшняга дня, пакуль ішлі пасяджэнні, мы не маглі з Віктарам Бабарыкам сустракацца ў следчым ізалятары, але цяпер абвешчаны перапынак, і, можа, мы пабачымся, — кажа адвакат Лаеўскі. — Але пакуль у залі абмяркоўваем пэўныя бытавыя моманты. Ён адчувае сябе добра, наколькі гэта магчыма ў такім становішчы, бадзёра, аптымістычна».

Віктар Бабарыка многа чытае ў зняволенні. Аднак не ўсе кнігі ён можа атрымаць у СІЗА, а перадаць іх немагчыма.

У працэсе абвешчаны перапынак да 24 лютага.

«Бабарыка для мяне перамог на выбарах»

У залі было каля 40 слухачоў. Некаторым удаецца паслаць Віктару Бабарыку «сэрцайка». Таццяна з мужам прыехала на суд з Навагрудка, каб яго падтрымаць, бо «ён быў той кандыдат, за якога хацелі галасаваць».

«Мы ўбачылі ў ім не тое што альтэрнатыўнага кандыдата, а ён мог бы быць сапраўдным прэзідэнтам. Прыехалі, бо гэта сумленне. Цяпер ідуць суды, і нельга пакідаць без падтрымкі людзей, якія неяк рызыкавалі», — кажа Тацяна.

Паводле Таццяны, чуваць у судзе кепска, гавораць, як на аўкцыённых судах.

«Віктар Бабарыка максімальна ў добрым настроі, які можа быць у гэтай сітуацыі. Я думаю, што ён на ўсё ідзе свядома і разумее, што яму пагражае, але адчувае сябе бадзёра. Ён паслаў "сэрцайка", ахоўнікі рабілі заўвагі і нам, і яму, каб не рабілі жэстаў рукамі, бо гэта, маўляў, забаронена, Але ён пастараўся кожнаму, хто прыйшоў, хаця б кіўнуць. Бачна, што чалавеку гэта важна».

У некаторых прысутных на руках белыя і бел-чырвона-белыя бранзалеты. Некаторыя трымалі кнігі і часам іх чыталі.

Юлія пачала чытаць у судзе «Фэрму» Оруэла, бо іншым разам цяжка ўключыцца ў тое, што кажа абвінаваўца, гэта стамляе, не ўсё можна разабраць. Яна кажа, што найперш прыйшла падтрымаць Віктара Бабарыку.

«Варта кожнаму, хто мае магчымасць, не пабаяцца, а прыйсці і падтрымаць».

Лілія прынесла кнігу «Эфект Люцыфера. Чаму добрыя людзі ператвараюцца ў злодзеяў». Кажа, што найперш прыйшла падтрымаць Віктара Бабарыку і іншых абвінавачаных, але ў некаторыя моманты чытае кнігу.

«Я рада, што можна быць на працэсе, падтрымка для зняволеных вельмі важная. Для мяне гэтыя людзі — героі. Бабарыка для мяне, па сутнасці, перамог на выбарах».