Відавочцы паведамляюць пра больш як 10 затрыманых сёння вечарам у Мінску
Як паведамляюць "Інтэрфаксу" відавочцы, сілавікі затрымалі падчас сённяшніх акцый больш за 10 пратэстоўцаў.
Супрацоўнікі сілавых структур разабралі барыкады з воданаліўных блокаў у раёне Каменнай горкі ў Мінску, дзе праходзяць пратэсты.
Затрымалі больш за 10 пратэстоўцаў, а пасля сілавікі сталі разбіраць і грузіць у аўтазакі воданаліўныя пластыкавыя блокі, якімі прыхільнікі апазіцыі перагарадзілі праезную частку на вуліцы Прытыцкага.
Масавыя затрыманні працягваюцца ў дварах. У раён накіроўваюцца дзясяткі грузавікоў з АМАПам.
Між тым невядомыя ў балаклавах з гумовымі дубінкамі выбарачна спыняюць аўтамабілі на вуліцы Прытыцкага і даглядаюць іх на прадмет наяўнасці бел-чырвона-белай сімволікі.
Тым часам у раёне Серабранкі людзі пачалі выстройвацца ў жывы ланцуг. Яны трымаюць у руках бел-чырвона-белыя сцягі.
Паводле відавочцаў, найбольш маштабнымі пратэстамі ахоплены паўночны захад і паўднёвы ўсход беларускай сталіцы. Пратэстоўцы спрабавалі перагарадзіць воданаліўнымі блокамі рух па вуліцы Прытыцкага ў Каменнай горцы, у раёне Шабаны пасярод праезнай часткі падпальваюць пакрышкі.
На паўночным усходзе горада на вуліцы Сурганава адбываюцца адзінкавыя сутычкі сілавікоў з пратэстуючымі. Відавочцы паведамляюць аб ужыванні там святлашумавых гранатаў.