У Беларусі за дзень затрымалі мінімум 13 дактароў

На Маршах годнасці, якія прайшлі ў Беларусі 11 кастрычніка, сілавікі затрымалі як мінімум 13 дактароў, паведамляе «Еўрарадыё».

Адзін з затрыманых дактароў — дырэктар сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзім Мурашка​ / eyes.by

Адзін з затрыманых дактароў — дырэктар сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзім Мурашка​ / eyes.by

Сярод іх вядомы сківічна-тварны хірург Андрэй Любецкі, дырэктар медыцынскага цэнтра "Окамедсон" Андрэй Фурс, рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі Мікалай Бручкоўскі, дырэктар сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзім Мурашка. Адзін з іх у той жа вечар з'ехаў з РУУС на хуткай, пяцярых адпусцілі, астатнія чакаюць суда.
Андрэя Фурса і яго родных, якія таксама працуюць дактарамі, сілавікі затрымалі яшчэ да пачатку маршу каля мінскай гасцініцы "Планета".

Андрэй Фурс / nashaniva.by

Андрэй Фурс / nashaniva.by


Я бачыў, як Андрэй упаў на спіну. Не ведаю, сам або яго выпусцілі. Падрабязнасцяў ужо не бачыў, я ўцёк. У выніку ў РУУС адвезлі Андрэя, ягоную жонку Іну Фурс, а таксама брата, які разам з ім працуе ў медцэнтры, — расказвае Еўрарадыё сваяк затрыманага.
Жонку Андрэя Іну Фурс адпусцілі з РУУС праз некалькі гадзін. Андрэя Фурса і яго брата павезлі ў Жодзіна. Сваякі чакаюць інфармацыі пра суд. Медыцынскі цэнтр, па словах Аляксея, цяпер працуе ў звычайным рэжыме.
Застаецца ў ізалятары ў Жодзіне сківічна-тварны хірург Андрэй Любецкі. Яго спецыялізацыя — пластыка шчылін цвёрдага і мяккага паднябення, шчылін твару. Калегі кажуць, што такіх дактароў, як Любецкі, у краіне адзінкі.
Яго жонка Наталля Любецкая расказвае, што мужа затрымалі ў раёне вуліцы Зыбіцкай прыкладна ў 16:20. Паводле яе слоў, "яго ўдарылі людзі ў зялёнай экіпіроўцы, ён упаў і знік з поля зроку". Пазней Наталля даведалася, што Андрэя павезлі ў Партызанскае РУУС, і змагла перадаць яму цёплы світар і бутэрброд. Цяпер хірург чакае суда. Дома Андрэя Любецкага чакаюць чацвёра дзяцей.

Андрэй Любецкі

Андрэй Любецкі


Яшчэ адзін доктар, які чакае суда ў Жодзіне, — Мікалай Бручкоўскі, анестэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі. Калегі Мікалая Дзмітрыевіча расказалі, што яго затрымалі ў раёне стэлы, калі ён заступіўся за жанчыну. У РНПЦ перажываюць за калегу, турбуюцца пра яго стан здароўя. Без неабходных лекаў ён можа пагоршыцца. Мікалаю Дзмітрыевічу 58 гадоў.
Ведаю Бручкоўскага асабіста. Некалькі гадоў працавалі разам. Не здзіўляюся, што ён кагосьці абараняў. Перажываем за яго ўсім аддзяленнем, — пішуць ягоныя калегі.
У Брэсце 11 кастрычніка затрымалі анестэзіёлага Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Цімура Лозку і яго жонку — доктара Вольгу Лозка. Цімур чакае суда, яго жонку адпусцілі 12 кастрычніка. У Віцебску ў СІЗА знаходзіцца нейрахірург Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Антон Эрдман. Ён працуе ў медустанове больш за 13 гадоў.
Сёння суда не было, але яго не выпусцілі. Можа быць, заўтра будзе суд. Мы нават не ведаем, калі яго паспелі затрымаць. У калоне яго не бачылі. У нас у Віцебску "хапун" быў у самым пачатку, яшчэ да маршу, — расказвае калега Антона, доктар Віцебскай абласной клінічнай бальніцы.
На акцыі пратэсту ў Мінску ўчора затрымалі афтальмолага, хірурга найвышэйшай катэгорыі, дырэктара сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзіма Мурашку. 12 кастрычніка яго адпусцілі з ЦІП на вуліцы Акрэсціна. Ужо на волі таксама анестэзіёлаг Андрэй Лабанок, які з'ехаў з РУУС на хуткай, і мінскі доктар Аксана Бігеза.