МУС заявіла пра гатоўнасць прымяніць баявую зброю супраць пратэстоўцаў
Пратэсты ў краіне становяцца радыкальнымі. Сілавыя ведамствы ў сувязі з гэтым гатовыя ў выпадку неабходнасці ўжываць спецсродкі і баявую зброю. Пра гэта заявіў першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч.
— Пратэсты, перамясціўшыся пераважна ў Мінск, сталі арганізаванымі і вельмі радыкальнымі. У гэтай сувязі супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў не сыдуць з вуліц і ў выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю, — заявіў Казакевіч.
Паводле яго слоў, сведчаннем таму, што акцыі сталі больш радыкальнымі — нядзельны марш у Мінску.
— Яшчэ ўдзень і ўвечары гэта былі камяні, бутэлькі, нажы і заточкі, што ляцелі, а ўжо да ночы — барыкады і падпаленыя пакрышкі. Нічога агульнага з грамадзянскім пратэстам гэта не мае.
tut.by