«Ваша адвага натхняе ўсіх нас». Святлана Ціханоўская правяла анлайн-званок з актывістамі «Гродна Азота»

У гутарцы таксама ўдзельнічалі Павел Латушка, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч, прадстаўнік «Фонду салідарнасці» Яраслаў Ліхачэўскі і актывіст ініцыятывы «сумленныя людзі» Зарына Сарокіна.

piket_tih_sv_075_1.jpg

Святлана Ціханоўская заявіла, што «Гродна Азот» — гэта, безумоўна, прыклад для рабочых усёй краіны. «Ваша адвага натхняе ўсіх нас», — адзначае прэс-служба палітыка.

Супрацоўнікі «Гродна Азота» распавялі, як людзі ў цэхах адмаўляюцца прымаць змены і як сілавікі аказваюць ціск на страйкоўцаў. Работнікі адзначылі, што адміністрацыя прадпрыемства напалохана салідарнасцю супрацоўнікаў. Разам з тым незалежны прафсаюз расце: з 22 чалавек ён вырас да 400 членаў. А валанцёры і жыхары Гродна актыўна падтрымліваюць тых, хто страйкуе. Людзі прапануюць аплачваць прадукты, жыллё, навучанне дзяцей і аказаць любую дапамогу, у якой будуць мець патрэбу работнікі «Азоту».

Павел Латушка прапанаваў актывістам разам распрацаваць планы па прыпынку цэхаў — каб усе страйкоўцы ведалі, што рабіць з дня ў дзень.

Алесь Аляхновіч адзначыў, што эканамічная група актыўна працуе над разбурэннем міфаў, якія распаўсюджвае рэжым — напрыклад, пра тое, што эканоміка стабільная, а дзяржпрадпрыемствы паспяховыя.

Яраслаў Ліхачэўскі падтрымаў развіццё незалежных прафсаюзаў, паколькі гэта дапамагае абараняць правы страйкоўцаў нават пры звальненні. Зарына Сарокіна адзначыла, што трэба аспрэчваць усе незаконныя звальненні і аб'ядноўвацца, каб адстойваць калег перад кіраўніцтвам заводаў і прадпрыемстваў, бо такія крокі ўжо даюць вынікі.