«Вандалізм трэба спыніць». Абаронцы Курапатаў звярнуліся да старшыні Мінрайвыканкама
Актывісты напісалі адкрыты калектыўны зварот да старшыні Мінрайвыканкама Івана Крупко, у якім патрабуюць зачыніць рэстаран «Поедем, поедим».
Аўтары звароту патрабуюць зачыніць рэстарацыю, «спыніць вандалаў- бізнесоўцаў, якія тут, побач з месцам забойства дзясяткаў тысяч беларусаў, зарабляюць грошы, арганізуючы адпачынак побач з курапацкімі ямамі-заняпадзінамі, з выглядам на курапацкія крыжы».
У звароце гаворыцца, што за пяць месяцаў пратэсту абаронцы мемарыяла на свае вочы пабачылі, як сёння, у ХХI стагоддзі, у цэнтры Еўропы, людзі забываюцца на мараль і становяцца варварамі.
«Цалкам свядома, не хаваючыся, не саромячыся, наведвальнікі рэстарацыі, з маўклівага дазволу адміністрацыі, забаўляюцца каля Чалавечага Магільніка: ладзяць фотасесіі на фоне курапацкіх крыжоў, святкуюць вяселлі, дні народзінаў, карпаратывы, распіваюць спіртныя напоі… Там, дзе трэба ладзіць мерапрыемствы па ўшанаванні памяці закатаваных людзей, яны смажаць шашлыкі, арганізоўваюць забавы для дзяцей на горках, арэлях, скокі на батутах…. На гэта немагчыма глядзець без жаху, без болю, без сораму за ўладу, за чыноўнікаў, дазваляючых гэта варварства, так не павіна быць, гэта не па-чалавечаму, вандалізм бізнесоўцаў на тэрыторыі ахоўных зонаў мемарыяла Курапаты трэба спыніць», — пішуць аўтары звароту.
Івану Крупко прапануюць арганізаваць сустрэчу з падпісантамі зварота і адказаць на іх пытанні, правесці грамадскае абмеркаванне працы рэстарацыі «Поедем, поедим», законнасці будаўніцтва, паводзін адміністрацыі і наведвальнікаў, а таксама абмеркаваць неабходнасць спынення працы рэстарана.
«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем закрыць рэстаранна-забаўляльны комплекс побач з Нацыянальным некропалем Курапаты, спыніць варварства.
Курапаты павінны стаць месцам пакаяння нашага народу, месцам годнага ўшанавання памяці закатаваных ахвяраў сталіністаў, кропкай невяртання да крывавага дзяржаўнага тэрору», — заключаюць аўтары звароту.