У сярэднім рэстарацыя «Поедем поедим» мае 9 наведвальнікаў штодзень
11 кастрычніка ў Мінску абаронцы Курапатаў прэзентавалі базу дадзеных па рэстаране "Поедем поедим", паведамляе euroradio.fm. Яны лічаць, што байкот працуе, бо забаўляльная ўстанова не карыстаецца папулярнасцю.
У сярэднім штодня ў яе прыязджае 9 наведвальнікаў. У базе таксама прадстаўленыя дадзеныя па персанале рэстарана, яго пастаўшчыках. Па словах Дзяніса Івашына, ён карыстаўся выключна адкрытымі крыніцамі інфармацыі. «Машыны ўсіх якія заязджаюць на тэрыторыю рэстарана фіксуюцца, і інфармацыя пра іх трапляе ў базу дадзеных», — патлумачыў каардынатар.
Маніторынг актывісты праводзяць з пачатку чэрвеня. Зараз у іх базе больш за 600 фіксацый. З іх да кліентаў мае дачыненне каля 400. У сярэднім на тэрыторыю комплексу заязджае не больш дзевяці машын. Сярод наведвальнікаў як беларускія грамадзяне, так і замежнікі.
Івашын падкрэсліў, што за разгалашэнне персанальных дадзеных грамадзян у Беларусі заканадаўча ўстаноўлена адказнасць. Таму актывісты пакуль не будуць размяшчаць інфармацыю ў адкрытым доступе, аднак не выключаюць гэтага, калі адзначаныя ў якасці наведвальнікаў «не ўсведамляюць свае паводзіны», дадаў ён.
База была створаная за 130 дзён варты, якую актывісты грамадскіх і палітычных арганізацый вядуць каля ўстановы. Яны патрабуюць закрыцця рэстарана, які працуе каля народнага мемарыяла: у часы сталіншчыны ў Курапатах расстрэльвалі нявінных людзей.
Па словах Дзяніса Івашына, з пачатку акцыі супраць працы рэстарана яе ўдзельнікі правялі ў ізалятарах у суме больш за 100 дзён, перадае БелаПАН.
Пратэсты супраць працы рэстарана "Паедзем паямо» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 траўня.
«За гэтыя 130 дзён абароны актывісты і ўдзельнікі адчулі на сабе пераслед. На «сутках» і ў ізалятарах да суда яны адседзелі ў суме 115 сутак, агульная колькасць адміністрацыйных штрафаў — прыкладна 20 тысяч рублёў. Гэта вельмі істотныя фінансавыя і іншыя фактары, якія сведчаць аб тым, што для нашай дзяржавы гэта справа мае палітычны падтэкст. На жаль ўлады праявілі сябе не як рэферы, які змог бы гэта заканадаўча ўрэгуляваць, а наадварот», — сказаў Івашын.
Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, абаронцы Курапатаў плануюць працягваць вахту каля рэстарана па меншай меры да «Дзядоў» (дзень памінання продкаў, які адзначаецца 2 лістапада).