Вайна рускага свету з рускім светам

Гэтую аперацыю можна апісаць адным чынам: «нелагічна».

arest_37298800_800x533.jpg


І рэч не толькі ў тым, што звычайна затрыманне выкарыстоўваецца як апошняя мера, на якую ідуць пасля неаднаразовых спробаў выправіць небяспечныя думкі падазраванай асобы.
І не ў тым, што «Рэгнум» і іншыя сайты, на якіх публікаваліся затрыманыя, дагэтуль не ўнесены ў спіс забароненых у Рэспубліцы Беларусь (па стане на вечар суботы) і дзякуючы гэтаму на іх пайшоў велізарны трафік, спароджаны аперацыяй. Дык гэта правасуддзе ці ўдалая рэкламная акцыя?
Затрыманні, з іх непазбежнай гераізацыяй ахвяр, з іх мабілізацыяй усіх іншых рускасветцаў у рэгіёне, кансалідацыяй вакол вязняў — гэта зусім не вайна з рускім светам. Гэта крок да яго росквіту.
Узнікае ўражанне, што ўлада наогул не ўмее працаваць з ідэямі. Між тым ніколі затыканне рота не вяло да імгненнага заняпаду ідэі, якую той рот выказваў. Згадайма хаця б беларускае адраджэнне. Ужо і Пазняка з краіны выціскалі, і фронт калолі, і мову з універсітэтаў прыбіралі, а сёння ідэя жывая як ніколі. Тут можна было б заклікаць да перамогі над рускім светам на сімвалічным полі і нават прапанаваць некалькі вельмі пэўных крокаў да яе.
Але вось што: я не вельмі веру, што гэтыя арышты — наогул вайна. Прынамсі, што гэта вайна з рускім светам. Бо, разумееце, вельмі важна запытацца: а хто, уласна, з тым рускім светам ваюе?
Беларускія сілавікі? Дык той вядомы міністр, што выходзіў на парад у форме НКУС, — ён яшчэ пры пасадзе. Беларускія сапраўдныя, свядомыя ідэолагі, якія раптам перамаглі славянафілаў у эфіры? Дык не ж! Затрыманне для буйных афіцыйных медыяў каментуе Дзермант, які шмат для каго — таксама рускі свет. У самай яскравай яго праяве.
Атрымліваецца неяк незразумела. Адны адэпты рускага свету, у якіх ёсць выхад на тэлебачанне, і аднадумцы ў сілавых структурах перамаглі іншых адэптаў рускага свету, якія былі больш маргінальныя, хай сабе і выкладалі ў дзяржаўных універсітэтах.
І я нават бачу розніцу паміж імі. Асноўная загана тых, каго затрымалі, у тым, што рускасвецкія ідэі яны атрымлівалі па пошце з Масквы. А нашы легальныя рускасветцы — яны на мясцовых заробках і з мясцовымі куратарамі.
Магчыма, нехта думае, што паглынання пуцінскім савецка-рускім праектам беларускай культуры і самасці можна пазбегнуць трыма выпадковымі арыштамі. Што рускасветцы хай сабе і далей пануюць у эфіры, у адукацыі і ў культуры, а беларусы — яны народ разумны, мову арыштаў вельмі добра цямяць. І зараз пачнуць спрытнячком засвойваць родную гаворку, каб і да іх не прыйшлі.
Але ў сітуацыю закладзеная такая канцэнтрацыя супярэчнасцяў, што празрыстых і простых высноваў любы, у каго ёсць галава, з яе зрабіць не можа.
Калі мы так узяліся змагацца з рускім светам, дык чаму б не пачаць з прызначэння Валянціна Акудовіча дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навук? Бо дзіўна бачыць у кіраўніцтве структурнай адзінкі галоўнай дзяржаўнай ВНУ Беларусі людзей, якія наведваюць выступы Салаўёва. Чаму б не пачаць з вяртання Латушкі на пост міністра культуры? Чаму б не прызначыць на дзяржаўныя пасады патрыётаў без пазнакі «западноруссіст» у CV? Чаму Арлоў, Трусаў, Дынько ды іншыя сапраўдныя барацьбіты за беларускае калі і з’яўляюцца ў дзяржаўным люстры — дык толькі для кпінаў і выказвання да іх прэтэнзій?
Але акрамя версіі пра ачыстку паляны «беларускіх русістаў» пад сваіх «харошых людзей», кіраваных з Мінска, можа быць яшчэ адна версія.
Цяпер, як мы ведаем, ідзе вялікі гандаль з Расіяй адразу па ўсіх кірунках, ад крэдытаў і пазык да цэнаў на энерганосьбіты і вайсковай супрацы. Так гістарычна склалася, што Беларусь заўсёды падыходзіць да эканамічных спрэчак з узмацненнем уласных тэзісаў. Звычайна, калі трэба нешта разруліць з Еўропай, бяруць у турмы некалькі ні ў чым не вінаватых апазіцыянераў. І чакаюць, што заходнія перамоўшчыкі выкупяць іх свабоду эканамічнымі залагоджваннямі.
Першая спроба паводзіць сябе гэтаксама з рускімі датуецца 2013-м годам, калі для «ўзмацнення» беларускай пазіцыі ў спрэчцы па каліі быў затрыманы Уладзіслаў Баўмгертнер. Калі цяпер мы бачым паўтор, дык нічога добрага з такой гульні з Крамлём не атрымаецца.
Бо, па-першае, падазраваныя — людзі не Баўмгертнеравага ўзроўню. Па-другое, «рускаму свету» акурат важная была нагода. І зараз усё тое, што раней казалася па маскоўскіх каналах з ваганнем у голасе, завішчыць гучным рокатам.
І перадапошняе. Складанне праскрыпцыйных спісаў — вельмі салодкі занятак. У свой час яму аддаваліся Сула, Актавіян (па праскрыпцыі апошняга забілі Цыцэрона). Але праскрыпцыі — нешта антанімічнае еднасці. Беларускі свет з асобаў, выключаных з праскрыпцыйных спісаў, не скласці.
Што тады рабіць? Я падкажу. Набудзьце бацькам спадарожнікавую антэну. Перакладзіце на беларускую мову фільм, як гэта зрабіў Андрэй Кім. Проста збярыцеся з сіламі і паспрабуйце — фільм пойдзе ў пракат, Кім жа здолеў! Зрабіце так, каб беларускім дзеткам было на чым гадавацца! Схадзіце ў кнігарню і набудзьце там кніжак на беларускай мове. Тыя, што спадабаюцца, раздайце сваім сябрам. Загаварыце па-беларуску. Прыйдзіце на канцэрт Вольскага. Зрабіце так, каб нас было бачна (цяпер — не бачна!). Зрабіце так, каб, гледзячы на беларусаў, краіна Беларусь пачала паводзіць сябе як краіна, а не як кодла кланаў рускага свету, якія ніяк не дамовяцца паміж сабой.
Вось тады, і толькі тады, рускаму свету будзе супрацьстаяць беларускі свет.
budzma.by