Усіх супрацоўнікаў мінскай крамы Symbal.by пасадзілі на суткі
4 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска разгледзелі справы яшчэ дзвюх супрацоўніц крамы Symbal.by — Анастасіі Трафімчык і Вольгі Ігнатовіч, паведамляе «Свабода».
Іх судзілі паводле двух пратаколаў: арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП, адзначаюць праваабаронцы «Вясны». Суддзя Марына Фёдарава прызнала Анастасію Трафімчык вінаватай у непадпарадкаванні службовай асобе і пакарала яе 15-дзённым арыштам. Пратакол па арт. 23.34 КаАП суддзя накіравала на дапрацоўку.
Суддзя Сяргей Шаціла гэтаксама прысудзіў Вользе Ігнатовіч 15 дзён арышту за непадпарадкаванне, а пратакол па артыкуле 23.34 КаАП накіраваў на дапрацоўку.
Чатырох супрацоўнікаў інтэрнэт-крамы Symbal.by затрымалі 30 студзеня. Тады ў краму на праспекце Машэрава, 18 завіталі супрацоўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і пасля сямігадзіннага апісвання маёмасці і тавараў вынеслі з крамы ўсю тэхніку і тавар кампаніі, а супрацоўнікаў крамы, якія прыехалі туды, павезлі ў РУУС Савецкага раёну. Да суда ўсё чацвёра знаходзіліся ў ізалятары.
3 лютага дырэктара крамы Мікіту Броўку і бухгальтарку Ксенію Міклашэўскую асудзілі за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне — агулам на 20 дзён арышту.
Праблемы ў мінскай крамы symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені, у кур’ера крамы канфіскавалі наклад маек з надпісам «ПСІХО3%». Пасля ў краму зачасцілі праверкі з МНС, пастаянна прападала святло. За перавоз цішотак суд аштрафаваў краму больш як на 2 тысячы рублёў.
23 чэрвеня МНС выдала краме шэраг прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў. Тады Symbal.by абвясьціў, што з 29 чэрвеня спыняе працу. У той жа вечар, 23 чэрвеня, людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сімволікай. Да крамы пад’ехаў аўтазак з сілавікамі, пачаліся затрыманні. На некаторых склалі пратаколы паводле арт. 23.4 і 23.34 КаАП.