Суд па справе Бабарыкі пачнецца 17 лютага
Вярхоўны суд прызначыў дату пачатку асноўнага разбору па так званай «справе Белгазпрамбанка» ці па «справе Бабарыкі». Сёння адбылося папярэдняе пасяджэнне.
Асноўны разгляд прызначаны на 17 лютага, паведамляе REFORM.by са спасылкай на БелТА. Сёння ў судзе разглядалася выкананне пагаднення з шасцю абвінавачанымі па гэтай справе.
Віктару Бабарыка, які вылучыўся кандыдатам у прэзідэнты і сабраў найбольшую колькасць подпісаў у сваю падтрымку сярод незалежных кандыдатаў, прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 430 ч. 2 арт. 235 КК аб атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама аб легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры адпаведна. У КДБ яго назвалі арганізатарам злачыннай дзейнасці. Віктар Бабарыка не прызнаў сваю віну.
Намеснікам старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту абвінавачванне прад'яўлена па ч. 3 арт. 430 КК. Яны абвінавачваюцца ў атрыманні хабару.
Акрамя таго, дырэктар ТАА «Активлизинг» Віктар Кабяк абвінавачваецца па ч. 2 арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь (дача хабару ў буйным памеры). У Генпракуратуры сёння назвалі памер хабару: не менш за 2,476 млн долараў.
Віктару Бабарыку таксама закідаюць здзяйсненне фінансавых аперацый для надання правамернасці валодання сродкамі, загадзя атрыманымі злачынным шляхам. Гаворка ідзе аб набыцці размешчаных у Мінску двух капітальных пабудоў на суму 1 млн рублёў і іншай маёмасці.
Па інфармацыі Генпракуратуры, праверка датычнасьці службовых асоб ААТ «Белгазпрамбанк» да карупцыйных злачынстваў была пачата ў 2018 годзе. Раскрыццю злачынных фінансавых аперацый сярод іншага спрыяла атрыманне звестак з Рэспублікі Кіпр у адказ на просьбу аб аказанні прававой дапамогі па крымінальнай справе.
Аднак усім відавочна, што «справа Белгазпромбанку» — палітычна матываваная. Бабарыку арыштавалі ў час падачы подпісаў на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты.