Ушанаванне памяці ахвяраў сталінізму і змагароў за волю Украіны
Вечарам 29 жніўня ва ўрочышчы Курапаты адбылося штомесячнае памінанне ахвяраў сталінізму, у якім прынялі ўдзел 13 дэмакратычных актывістаў.
Хвіліна маўчання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў сталінізму і змагароў, палеглых за незалежнасць Украіны.
Як адзначыў намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў, нягледзячы на тое, што расійскія чэкісты заміналі правядзенню 23 жніўня вандроўкі прадстаўнікоў беларускай грамадскасці ў Катынь (Смаленская воблась Расіі), усё ж адбылося ўскладанне кветак да мемарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій, а таксама да месца катастрофы самалёта з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім і польскай урадавай дэлегацыяй, якая загінула каля Смаленску 10 красавіка 2010 году.
Спадар Алесь распавёў, што 29 жніўня быў затрыманы міліцыянтамі каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі, які быў запрошаны на ўшанаванне памяці бязвінных ахвяраў у Курапаты.
Алесь Макаў запрасіў адзначыць 1 верасня на Вайсковых могілках у Мінску 75-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны. На ягоную думку, сённяшня сітуацыя ў Еўропе нагадвае падзеі 75-гадовай даўніны, бо ў выніку гандлю еўрапейскіх чыноўнікаў з імперскай Расіяй яна пашырае сваю агрэсію супраць народа Украіны.
Грамадскі актывіст таксама паведаміў, што 6 верасня ў Вільне адбудзецца прэзентацыя руху салідарнасці “Разам”, зарэгістраванага ў шэрагу еўрапейскіх краінаў. Паводле ягоных слоў, 8 верасня актывісты руху будуць адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы і 500-годдзе перамогі ў Аршанскай бітве на месцы яе правядзення і ва ўкраінскім Львове.
Галіна Сіўчык — маці палітыка Вячаслава Сіўчыка, які чацвёрты год вымушаны знаходзіцца па-за межамі Бацькаўшчыны, прапанавала хвілінай маўчання ўшанаваць памяць бюязвінных ахвяраў сталінізму і змагароў, палеглых за незалежнасць Украіны. Жанчына выказала надзею, што беларусы дачакаюцца міжнароднага трыбуналу над камунізмам і тымі, хто сёння “вызваляе” Украіну ад украінцаў”.
Галіна Сіўчык ўскладае кветкі да мемарыяльнага камня “Ахвярам сталінізму”
Дарэчы, 29 жніўня абаронцы Курапатаў, у тым ліку старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч. грамадскі дзяяч і навукоўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які восенню 2008 году затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу, звярнуліся з лістом да прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча.
Аўтары звароту выказалі заклапочанасць у сувязі з тым, што цягам больш як 20 гадоў для Курапатаў не распрацаваны і не зацверджаны Міністэрствам культуры праект зонаў аховы гэтага выбітнага помніка трагедыі беларускага народу. На думку прадстаўнікоў грамадскасці, гэтая сітуацыя прывяла да таго, што пад час будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбашг-хол” на 51-м кіламетры МКАД СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло каля Курапатаў шэраг аб’ектаў, што не маюць аніякага дачынення да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Падаісанты ліста лічаць, што паколькі чыноўнікі і забудоўшчыкі, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства, да гэтай пары не пакараныя, а самавольна ўзведзеныя аб’екты не знесены, гэты небяспечны прэцэдэнт можа паўтарыцца.
Міністэрства культуры ў межах сваёй кампетэнцыі не выконвае абавязак дзяржаўнай структуры па ахове Курапатаў, што падштурхоўвае грамадзян да прымянення формаў і метадаў самаабароны сваіх правоў і законных інтарэсаў, прадугледжаных артыкуламі 13 і 936 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, адзначаецца ў лісце. .
Ягоныя аўтары выказваюць спадзяванне на поўнае, аб’ектыўнае і законнае вырашэнне ўсіх пытанняў, выкладзеных у звароце.
Чарговае памінанне ў Курапатах адбудзецца 29 верасня а 18.00.