Улляна Гарбачова: Мне не сорамна глядзець людзям у вочы
У жніўні 2020-га машыністка крана Мінскага трактарнага завода Улляна Гарбачова і не здагадвалася, што цягам года яе жыццё зробіць некалькі крутых віражоў і стане зусім іншым. Раптоўны палітычны актывізм, звальненне, пераслед і эміграцыя — усё гэта аказалася не сцэнаром фільма, а яе лёсам. Мы пагутарылі з Уллянай пра прыгоды падчас пераездаў, жыццё ў іншай краіне і пра адзіны спосаб перамагчы.
Калі б не дзіця — засталася б
Увечары 16 сакавіка, калі Улляна Гарбачова з сямігадовым сынам гуляла з сабакам, да яе падышлі двое і сказалі, што яна павінна праехаць з імі. Адвёўшы дзіця і сабаку дахаты, Улляна паехала разам з візіцёрамі, якія аказаліся супрацоўнікамі КДБ, у Партызанскае РУУС. Там на яе склалі пратакол за ўдзел у акцыі, прысвечанай Гуканню вясны, і недвухсэнсоўна далі зразумець, што адміністрацыйны артыкул лёгка можа ператварыцца ў крымінальны: паказалі фота з розных акцый з удзелам Улляны (на што тая аджартавалася: «Ой, якая дзяўчына прыгожая!»). Тады стала зразумела: яе нехта «здаў», і ў спакоі яе ўжо не пакінуць.
Да 2020 года Улляна Гарбачова была зусім апалітычнай, 12 гадоў бездакорна адпрацавала на МТЗ. Але падзеі жніўня мінулага года ўскалыхнулі ўсю краіну, і Улляна стала выходзіць на пратэсты супраць гвалту. Пасля далучылася да забастоўкі на МТЗ, прычым, калі не атрымліваўся масавы страйк, Улляна працавала «па-італьянску» — рабіла ўсё павольна, патрабавала выканання ўсіх правілаў. Але ў выніку яе звольнілі з прадпрыемства нібыта за прагул 26 кастрычніка, хаця на працу яна прыйшла, нягледзячы на тое, што яе пропуск заблакавалі.
Прапановы з’ехаць сталі паступаць Улляне адразу пасля звальнення, але яна не хацела гэтага да апошняга, пакуль яе актыўнасць не заўважылі сілавікі.
— Я чакала суда і думала, што калі мне дадуць штраф, а не «суткі», то я з’еду. Калі б я была адна, то нікуды б не паехала, але я не магла рызыкаваць дзіцем, — гаворыць дзяўчына.
У той вечар Улляну адпусцілі дахаты, назаўтра адбыўся суд, дзе ёй прысудзілі 50 базавых штрафу. Пасля суда дзяўчына не стала губляць часу і занялася падрыхтоўкай ад’езду. У сына заканчваўся пашпарт, і тры дні пайшло на тое, каб яго памяняць.
Яшчэ адна складанасць узнікла з сабакам. 10-гадовага бігля Цэзара Улляна забрала літаральна за 10 дзён да затрымання: яго гаспадыня захварэла і злегла. Усе дакументы сабакі былі аформленыя на яе. Уратаваўшы сабаку ад пагрозы ўсыплення, Улляна не магла пакінуць яго.
— Да таго ж, калі я была на допыце ў РУУСе, ён вельмі за мяне перажываў, скуголіў, брахаў, не спаў, хадзіў па кватэры. Ён адразу вельмі добра мяне ўспрыняў.
Дакументы перааформілі, на шчасце, усе прышчэпкі былі зробленыя. Але, паколькі Улляна ляцела самалётам, у такія кароткія тэрміны — наўпрост у дзень да вылету — цяжка было дамовіцца, каб узялі сабаку. Але і гэтую праблему вырашылі. Потым выявілася, што перавозіць сабаку ў самалёце неабходна ў адмысловай пераносцы, якая павінна адпавядаць міжнародным стандартам. Яна каштавала 150 долараў, плюс за месца ў багажным аддзяленні для сабакі давялося заплаціць 100 еўра. Апроч таго багаж Улляны аказаўся занадта цяжкім, і за гэта таксама давялося даплачваць.
Еўропа аказалася недасяжнай
Улляна прыляцела ў Кіеў — гэта было бліжэйшае месца, куды можна было даляцець хутка і без візы, да таго ж там былі знаёмыя. У аэрапорце ёй параілі не мяняць шмат грошай, бо там дрэнны курс. Таму Улляна памяняла з разлікам, каб ёй хапіла на таксі і сім-карту.
— Калі таксісты бачаць, што ў цябе куча чамаданаў, дзіця і сабака, цэннік адразу ўзлятае, — дзеліцца яна досведам. — Калі пазней я даязджала да Барыспаля за 300 грыўняў, то ў дзень прылёту я даехала ад аэрапорта да сваёй кватэры за 800.
Прыехаўшы ў забраніраваную кватэру, Улляна ўбачыла, што там няма нічога — ні посуду, ні коўдраў з падушкамі, ні бялізны. Не было нават у што наліць вады сабаку — добра, што ў пераносцы была міска.Грошай таксама засталося мала, абменнікі ў такі позні час ужо не працавалі. Давялося апошняе патраціць на сціплы набор прадуктаў у краме, каб было чым павячэраць і паснедаць. Улляна згадвае, што нават засталася вінная тры грыўні, якія потым вярнула.
— Мы ідзем, і дзіця ў мяне запытваецца, як мы будзем сёння спаць. І ў гэты час праходзім міма парапету, на якім спіць чалавек — наўпрост на вуліцы, пад мокрым снегам. І я тады сына супакоіла, што гэтаму чалавеку сёння спацца будзе значна горш, чым нам.
Пасля Кіева Улляна планавала ехаць у Латвію — там у яе сваякі. Яна дачакалася запрашэння ад родных і сабралася рабіць візу, але выявілася, што Латвія закрытая, і праз каронавірус паехаць туды немагчыма. Больш за тое, без віда на жыхарства з Украіны ніякую візу адкрыць нельга. Заставаўся варыянт з гуманітарнай візай у Польшчу.
— Я перапісвалася з консулам, і мне адмовілі ў адкрыцці візы для дзіцяці. У мяне не было дазволу на гэта ад яго бацькі. Ёсць дазвол на выезд сына са мной ці з трэцімі асобамі ва ўсе краіны свету да 18 гадоў, але мне адказалі, што патрэбны менавіта дазвол на адкрыццё візы. Але мой былы муж яго так і не даў. Больш за тое, як толькі я з’ехала, ён падаў у суд на змяншэнне аліментаў (бо ў яго ёсць другое дзіця ад іншага шлюбу), і яго пазоў задаволілі.
Калі яшчэ Улляна думала, што паедзе ў Латвію, яна даведалася, што для сабакі трэба зрабіць тэст на цітр антыцелаў да шаленства. У Кіеве такі тэст каштуе 88 долараў (у Мінску — 400 еўра). Пасля гэтага аналізу жывёла павінна тры месяцы быць у каранціне.
— Я ўжо зразумела, што нікуды пакуль з Украіны не з’еду, узважыла ўсе «за» і «супраць» і вырашыла паехаць у Адэсу, да мора, каб дзіця аздаравілася.
Мама, коткі і самалёт з Пратасевічам
Так Улляна з сабакам і сынам аказалася ў горадзе ля Чорнага мора. Праз нейкі час ёй спатрэбілася дапамога, і яна папрасіла прыехаць маму. Але і гэта аказалася няпроста: акурат перад яе адлётам 25 траўня ў Мінску прымусова пасадзілі самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам. Рэйс Мінск — Адэса адмянілі.
— Я ўзгадала, што калісьці лётала ў Кішынёў, і адтуль ездзіла ў Адэсу. Узяла маме на раніцу квіток да Кішынёва, яна прыляцела, але на мяжы яе не пусцілі ва Украіну — маўляў, няма падставаў. Маме ад усіх стрэсаў там стала кепска, ёй выклікалі хуткую. Добра, што яна пазнаёмілася з жанчынай, якая ўзяла яе да сябе. У выніку мы набылі ёй пуцёўку ў санаторый у Адэсе, але яна вырашыла не рызыкаваць, і з Кішынёва паляцела ў Кіеў, а адтуль прыехала ў санаторый. Праўда, у Кіеве запатрабавалі, каб яна зрабіла страхоўку на тры месяцы, таму, пакуль тэрмін не скончыцца, мама застаецца гасцяваць у мяне.
У Улляны ў Мінску засталіся дзве коткі, за якімі не было каму глядзець. Каб перавезці адну жывёлу з Мінска ў Адэсу, з Улляны запатрабавалі 280 долараў. Прычым не важна, што дзве коткі былі ў адной пераносцы, разлік ідзе за жывёлу. Але пытанне ўдалося вырашыць з меншымі затратамі праз чалавека, які ехаў і пагадзіўся ўзяць з сабой жывёл.
«Калі б перамога здарылася 9 жніўня, мы б не даведаліся, хто ёсць хто»
Цяпер Улляна Гарбачова не будуе далёкіх планаў — цягам года ўсё яе жыццё некалькі разоў паспела крута перамяніцца. Яна займаецца атрыманнем легальнага становішча ва Украіне, таксама бліжэйшым часам трэба вырашаць пытанне са школай для сына і шукаць працу.
— Калі б мне не дапамагалі знаёмыя і незнаёмыя людзі, я не ўяўляю, як магла б пераехаць, — прызнаецца Улляна. — Тыя, хто думаюць, што пераехаць — проста, гэта насамрэч не так. Дзякуй усім тым, хто мяне падтрымлівае!
Суразмоўца прызнаецца, што адчувае сябе ва Украіне ў большай бяспецы, чым у Мінску, але ўсё ж не цалкам абароненай.
— Мне не падабаецца, што часам нас незразумела хто здымае на акцыях, і потым гэтыя здымкі выкладваюць на «Жёлтые сливы». Сваю ролю адыграла і забойства Віталя Шышова.
Ва Украіне дзяўчына пакуль не моцна актыўная, але, калі атрымліваецца, прыходзіць на акцыі, якія ладзяць мясцовыя беларусы.
— Калі я была ў Беларусі, падтрымка дыяспар выклікала ў мяне падвойнае пачуццё. Я разумела, што гэта добра, але ў той жа час узнікала думка: вось, прыехалі б вы ўсе ў Мінск — які б добры марш атрымаўся! У кагосьці сапраўды былі сур’ёзныя падставы для ад’езду, а нехта проста скарыстаўся сітуацыяй. У Беларусі я разумела, што мы рызыкуем. І калі я пераехала, спачатку мне было сорамна хадзіць на гэтыя акцыі, бо тут нам нічога не пагражае — чаму б не выйсці? Але цяпер я разумею, што тут асноўная наша мэта — данесці да іншых інфармацыю пра Беларусь. У Адэсе вельмі шмат замежнікаў, і мы тлумачым ім, што ў нас адбываецца, бо многія не ведаюць нічога. І калі мне пішуць словы падтрымкі, дзякуюць за пазіцыю і гавораць, што я — герой, я адказваю, што я — не герой, а героі — нашыя палітвязні. І мне сорамна за тое, што я нічога не змагла зрабіць, каб іх выпусцілі.
Я ні пра што не шкадую і не хацела б нічога мяняць, калі б была такая магчымасць. Адзінае, можа, я б хацела зрабіць больш — бо тады ў мяне не было ніякага досведу, а цяпер ён ёсць. Але склаўшы рукі я б дакладна не сядзела.
Шкада тых людзей, якія сядзяць у турмах, не вярнуць тых, хто загінуў. Але, калі б нашая перамога здарылася 9 жніўня, мы б не даведаліся, хто ёсць хто. У мяне з таго часу цалкам змянілася кола зносінаў. Але галоўнае, што мне не сорамна глядзець людзям у вочы, а як будуць жыць некаторыя іншыя — гэта вялікае пытанне.
Мяне перапаўняе гонар за ўсіх людзей, хто хоць нешта робіць. Але сапраўдны прыклад для мяне — гэта нашыя анархісты, у прыватнасці, Ігар Аліневіч. Як выявілася, ён вучыўся са мной у адной школе, хоць мы і не былі знаёмыя. Незадоўга да ад’езду мне ўдалося пазнаёміцца з яго мамай, яна падарыла мне майку з яго выявай і яго кнігу. Ён мае вельмі вялікую сілу волі, і калі б у нас было б больш такіх людзей, мы б даўно перамаглі.
Тым не менш Улляна лічыць, што беларускі народ, хоць пакуль не перамог, але і не прайграў. Бо ўтрыманне ўлады сілай — гэта не перамога. Перамяніць сітуацыю і даціснуць, на яе думку, цяпер можна толькі адным спосабам: цалкам спыніць усю краіну.
— Мне б хацелася вярнуцца ў Беларусь, і я спадзяюся, што хутка гэта атрымаецца.