Журналісты «БелаПАН» на волі. Бухгалтар, былы і дзеючы дырэктары — у ІЧУ (абноўлена)
Траіх супрацоўнікаў «БелаПАН» адпусцілі пасля ператрусаў і допытаў.
На волі застаюцца намеснік галоўнага рэдактара Аляксандр Зайцаў, журналісты Ірына Турчына і Захар Шчарбакоў. У іх прайшлі ператрусы, былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, пасля чаго яны былі дапытаныя ў Следчым камітэце і адпушчаныя пасля допыту, паведамляюць Naviny.by.
Бухгалтар інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» Кацярына Боева знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Муж Боевай паведаміў, што яна праходзіць падазраванай па ч. 1. арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
«Беларуская асацыяцыя журналістаў» паведамляе, што сёння быў затрыманы і былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў. Ён таксама змешчаны ў ІЧУ. Наважылаў стаў выконваючым абавязкі, а потым дырэктарам «БелаПАН» пасля смерці заснавальніка інфармагенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 года. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся з кампаніі па ўласным жаданні.
Таксама БАЖ паведамляе, што галоўную рэдактарку і дзеючую дырэктарку агенцтва Ірыну Леўшыну змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Сёння ранкам у яе дома прайшоў ператрус, потым яе вазілі для ператрусу ў офіс «БелаПАН», а потым чакаўся допыт ва УСК па Мінску.