Уладзіміра Гундара выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку»
У гродзенскай турме працягваецца суд па справе «групы Аўтуховіча». Палітвязня Уладзіміра Гундара выдалілі з залы суда.
Судовы
працэс «групы Аўтуховіча» вядзе суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім
Філатаў. Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які памёр у
траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на судовы працэс «групы Аўтуховіча» пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных, але пры гэтым на судзе прысутнічаюць дзяржаўныя прапагандысты.
Пасля перапынку ў судзе, прапагандыстка Людміла Гладкая ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што Уладзіміра Гундара выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку» да заканчэння разгляду справы.
Палітзняволены Антон Мельхер адмовіўся ад адваката і заявіў, што будзе абараняць сябе сам, піша Гладкая. Таксама паведамляецца, што Антона Мельхера абвінавачваюць толькі па адным артыкуле — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх).