Карупцыя, хуліганства, беспарадкі: самыя гучныя справы палітвязняў Беларусі да 2020 года. Частка 2
У палітычнай гісторыі Беларусі барацьба ўладаў з апанентамі пачалася далёка да падзей 2020 года. Ад самага пачатку рэжыму Лукашэнкі да нязгодных ужываліся знаёмыя ўжо многім беларусам захады: катаванні, сфабрыкаваныя справы, абвінавачанні ў «парушэнні грамадскага парадку» і «хуліганстве», хоць прычыны пераследу былі відавочна палітычныя. Напярэдадні Дня палітвязня ў Беларусі мы працягваем узгадаваць тых, хто прайшоў праз канвеер рэпрэсій пачынаючы з 1995 года.
1998 год
28 лютага 1998 г. Андрэй Гілевіч разам са сваімі сябрамі, Алесем Мухіным і Паўлам Мурашкам, вяртаючыся з канцэрту беларускага рок-гурта NRМ, напісалі ў Мінску па вуліцы Арлоўскай на сценах дамоў і на агароджах лозунгі «Жыве Беларусь», «Луку на муку», «Свабоду палітвязням!». Побач з надпісамі намалявалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.
Усе тры студэнты адразу ж пасля нанясення графіці былі затрыманыя міліцэйскім патрулём. Хлопцаў даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна, дзе да раніцы ішлі допыты.
Была заведзеная крымінальная справа паводле трох артыкулаў: злоснае хуліганства, нанясенне ўрону маёмасці і прыцягненне непаўналетніх да злачынных дзеянняў (Паўлу Мурашку на той момант было 17 гадоў, Андрэю Гілевічу і Алесю Мухіну — па 18).
8 траўня 1998 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў справу і прызнаў усіх трох вінаватымі і асудзіў іх на 1 год пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай выканання прысуду на 1 год. Яшчэ падчас следства — 23 сакавіка 1998 г. — Гілевіча выключылі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Афіцыйна прычынай выключэння называлася «парушэнне нормаў паводзінаў у грамадскіх месцах».
Андрэй Клімаў — вядомы бізнесовец, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, сябра адмысловай парламенцкай Камісіі па прававой ацэнцы парушэнняў Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў РБ.
Адзін з ініцыятараў імпічменту Лукашэнку ў лістападзе 1996 г.
Па палітычных матывах Андрэй Клімаў быў зняволены тройчы.
Пасля рэферэндума 1996 г. пачаліся масіраваныя праверкі прадпрымальніцкай дзейнасці фірмы Клімава. Дзеля таго, каб знайсці кампрамат, былі задзейнічаныя супрацоўнікі КДБ, МУС, Савету бяспекі, Адміністрацыі прэзідэнта.
11 лютага 1998 г. Андрэй Клімаў быў арыштаваны і абвінавачаны па двух крымінальных артыкулах: «крадзеж у асабліва буйных памерах» і «парушэнне парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, учыненае па папярэдняй змове». У СІЗА Клімаў абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць парушэння Канстытуцыі 1994 года, згодна з якой ён меў права дэпутацкай недатыкальнасці. Вярхоўны Савет 13-га склікання некалькі разоў патрабаваў вызваліць дэпутата Клімава з-пад незаконнага арышту.
Незадоўга да свайго арышту Андрэй Клімаў як дэпутат напісаў і размножыў ліст-зварот да кіраўнікоў рознага рангу з інфармацыяй аб парушэннях Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў РБ. Ліст таксама змяшчаў папярэджанне аб адказнасці і заклік не выконваць указаў Лукашэнкі, які ў лістападзе 1996 г. учыніў дзяржаўны пераварот. У лісце Клімаў нагадваў пра нелегітымнасць рэфэрэндуму 1996 г.
Яго арыштавалі на наступны дзень пасля паседжання камісіі, якая абвесціла, што існуюць дастатковыя юрыдычныя падставы для пачатку новай працэдуры імпічменту. У часе следства Клімаў адмаўляўся ад паказанняў, матывуючы гэта незаконнасцю свайго ўтрымання пад вартай.
Пасля году і 5 месяцаў следства ў жніўні 1999 г. пачаўся суд. Да абвінавачанняў дадаліся яшчэ два артыкулы: «службовы падлог» і «выманьванне крэдыту альбо датацый». 13 снежня 1999 г. Клімаў быў жорстка збіты і сілай дастаўлены ў Ленінскі райсуд Мінска на слуханне яго справы. Папярэдняе медычнае заключэнне лекараў выявіла чэрапна-мазгавую траўму і траўму жывата. 24 снежня Пракуратура РБ адмовілася ўзбуджаць па гэтым факце крымінальную справу.
17 сакавіка 2000 г. Андрэю Клімаву вынесены прысуд у 6 гадоў пазбаўлення волі. 25 сакавіка 2002 года выйшаў на волю па ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
Другі раз быў арыштаваны ў сакавіку 2005 г. за акцыю «Рэвалюцыя» перад Днём Волі на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Пасля перамогі «памаранчавай» рэвалюцыі ва Украіне Андрэй Клімаў абвясціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 г. Улады разагналі арганізаваную ім 25 сакавіка акцыю пратэсту. 10 чэрвеня 2005 г. суд прызнаў Клімава вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, і пакараў яго абмежаваннем волі на адзін год і шэсць месяцаў. Вызвалены 22 снежня 2006 г.
Трэці раз Клімаў быў зняволены 3 красавіка 2007 г. за «заклікі да звяржэння дзяржаўнага ладу», якія нібыта ўтрымліваў ягоны артыкул, апублікаваны на сайце «Х*ртыя-97». Прысуд таемна вынесены ў жніўні 2007 г. Цэнтральным судом Мінска: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Журналістам стала вядома пра прысуд толькі праз месяц, дагэтуль ім хлусілі, што справа Клімава ўсё яшчэ расследуецца. Адбываў пакаранне ў Мазырскай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вызвалены 15 лютага 2008 г. згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі.
31 жніўня 1998 г. суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд па справе Ігара Корсака і Паўла Сілівончыка. Навучэнцы Ігар Корсак (23 гады) і Павел Сілівончык (18 гадоў) былі затрыманыя міліцэйскім патрулём 2 чэрвеня а 5-й гадзіне раніцы. Яны расклейвалі ў мінскім мікрараёне Серабранка ўлёткі апазіцыйнага зместу, акрамя таго, малявалі фарбай сімвал (эмблема нефармальнай арганізацыі «Белы легіён»), які мае назву «спарыш» і шырока выкарыстоўваецца ў беларускіх нацыянальных арнаментах.
Пасля затрымання Корсак і Сілівончык былі дастаўленыя ў РАУС Ленінскага раёна, дзе іх пратрымалі 6 гадзінаў. На кватэрах быў праведзены ператрус. Абвінавачанне было прад’яўленае Корсаку і Сілівончыку амаль праз месяц пасля затрымання, і толькі тады былі ўзятыя падпіскі аб нявыездзе.
Спачатку справа мела адміністрацыйны характар, але падчас следства была перакваліфікаваная ў крымінальную паводле артыкула за «хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і дзёрзкасцю». У якасці сведкаў выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі затрыманне. Пракурор Слука прасіў пакараць Корсака і Сілівончыка адным годам пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду. Акрамя таго, у выяве «спарыша» следства ўбачыла аналогію з фашыстоўскай свастыкай. Адвакаты і грамадскі абаронца (прадстаўнік праваабарончага цэнтру «В*сна-96» Любоў Лунёва) настойвалі, каб з падсудных было знятае абвінавачанне ў распаўсюджванні фашыстоўскай сімволікі. Суду было прадстаўленае заключэнне экспертаў-мастацтвазнаўцаў, з якога вынікала, што знак «спарыша» з'яўляцца часткай беларускага арнаменту. На судзе Корсак і Сілівончык прызналі сваю віну часткова.
Ім быў вынесены прысуд — штраф у памеры 10 мінімальных заробкаў.
У ліпені 2008 г. пасля выбуху на канцэрце 4 ліпеня Ігар Корсак затрымліваўся супрацоўнікамі КДБ як падазраваны ў злосным хуліганстве. На той час у палітыцы Ігар ужо некалькі гадоў не ўдзельнічаў. Аднак у яго хаце быў праведзены ператрус, падчас якога былі знойдзеныя гайкі і балты, а таксама часткі пакетаў з-пад соку, у якіх сваякі вырошчвалі расаду. Тое ж самае адбылося яшчэ з 12 мінскімі апазіцыянерамі, якія таксама аказаліся «занадта» гаспадарлівымі. Ігар Корсак знаходзіўся пад вартай у ізалятары на Акрэсціна, трымаў за кратамі галадоўку пратэсту і праз 10 дзён (18 ліпеня) быў вызвалены.
Уладзімір Плешчанка быў затрыманы 2 верасня 1998 года па падазрэнні ў дэмантажы бюсту расійскага палкаводца А. Суворава ў Віцебску. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: «знішчэнне ці пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў» і «крадзеж маёмасці». У хуткім часе адзін артыкул быў адменены з-за таго, што бюст аказаўся вырабленым не з каштоўнага металу, але Плешчанку прад’явілі абвінавачанне ў «злосным хуліганстве». Уладзімір Плешчанка амаль восем месяцаў, пакуль ішло следства, знаходзіўся ў СІЗА Віцебска.
29 сакавіка 1999 года адбыўся суд, у ходзе якога былі разбураныя ўсе пункты абвінавачання. Судовая справа была адпраўленая на дарасследаванне, а Уладзіміру Плешчанку была змененая мера стрымання — арышт на падпіску аб нявыездзе. Нягледзячы на тое, што час для следства страчаны, а шэраг следчых працэдур зробленыя незаконна, што пацвердзіў суд, ціск на Плешчанку працягваўся. Выйшаў на свабоду ён 26 траўня 1999 года. Быў за кратамі 267 дзён. Суд прызнаў яго невінаватым.
1999 год
Зміцер Абадоўскі — сын Сяргея Абадоўскага, вядомага праваабаронцы з Магілёва. Незадоўга да 20 ліпеня 1999 года — сканчэння тэрміну кіравання Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1996 г., калі апазіцыя мела намер ладзіць акцыі пратэсту — яго пачалі пераследаваць. Прычынай стала праваабарончая дзейнасць бацькі Змітра.
10 ліпеня 1999 г. Зміцер Абадоўскі быў затрыманы і змешчаны ў магілёўскі следчы ізалятар. Яго абвінавацілі спачатку ў двух крадзяжах. Ператрусы па справе Змітра Абадоўскага выглядалі дзіўна. Пошукі «скрадзенага» вяліся чамусьці не на кватэры абвінавачанага, а ў хаце яго бацькі-праваабаронцы. Нагадаем, Сяргей Абадоўскі ў той вызначальны для краіны момант займаўся маніторынгам парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку ў часе неафіцыйных выбараў прэзідэнта ўлетку 1999 г., ініцыяваных намеснікам старшыні Вярхоўнага Савету Віктарам Ганчаром (знік праз два месяцы, у верасні 1999 г.).
У ліпені 1999 г. з'явілася яшчэ і абвінавачанне ў згвалтаванні. Крымінальная справа выглядала сфабрыкаванай, тым больш што нават сама «пацярпелая» не пазнала на следчым апазнанні «гвалтаўніка», паказаўшы на зусім іншага чалавека.
За час следства Зміцер Абадоўскі 4 разы трымаў у турме галадоўкі пратэсту супраць прававога безмежжа ў дачыненні да яго і яго сям’і. Усяго ён галадаў 55 дзён, з якіх агулам 18 дзён двойчы трымаў сухія галадоўкі. Пасля другой з іх Зміцер трапіў у цяжкім стане ў рэанімацыю.
Справа Змітра Абадоўскага разглядалася ў судзе некалькі разоў. Першы разгляд скончыўся яго асуджэннем да 6 гадоў пазбаўлення волі нібыта за крадзеж абутку. Па другім эпізодзе крадзяжу Зміцер быў цалкам апраўданы, бо меў поўнае алібі — на момант ўчынення злачынства адсутнічаў у горадзе. Пасля прысуд быў адменены Магілёўскім абласным судом, які накіраваў справу на паўторны разгляд. Вынікам другога суда стала накіраванне справы на дадатковае расследаванне. Праваабаронцы тады адзначалі, што Зміцер Абадоўскі застаўся ў СІЗА, а не быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, што дазваляў зрабіць закон у дадзеным выпадку. У адпаведнасці з новым Крымінальна-працэсуальным кодэксам, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2001 г. не дапускалася знаходжанне ў СІЗА даўжэй за 18 месяцаў.
Зміцер Абадоўскі правёў у вязніцы больш за 2 гады.
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Асінскі быў затрыманы 27 ліпеня 1999 года пасля акцыі апазіцыі і абвінавачаны ў злосным хуліганстве за тое, што быццам бы ўдарыў міліцыянта. У ходзе следства артыкул абвінавачання быў зменены на два новых: «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» і «пагроза ці гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».
У СІЗА Яўгена Асінскага пратрымалі 38 дзён і выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
18 студзеня 2000 г. у будынку Мінскага гарадскога суда быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Яўгена Асінскага. Суддзя Валерый Камісараў у вынесеным прысудзе не пагадзіўся з прапанаванай следствам кваліфікацыяй злачынства. У выніку дзеянні Асінскага былі зноў перакваліфікаваныя, цяпер ужо судом: «аказанне супраціву супрацоўніку міліцыі ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Яўгена Асінскага асудзілі да двух гадоў папраўчых работ па месцы асноўнай працы з утрыманнем дваццаці адсоткаў заробку.
Юрый Бандажэўскі — былы рэктар Гомельскага дзяржаўнага медычнага інстытута, доктар медычных навук. Вядомы навуковец, адзін з найбуйнейшых спецыялістаў у галіне медычнай радыялогіі.
13 ліпеня 1999 года Юрый Бандажэўскі быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. 4 жніўня яму было прад’яўленае абвінавачанне ў «атрыманні хабару, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказную пасаду, альбо асобай, якая раней была асуджаная за атрыманне хабару, альбо атрыманне хабару ў асабліва вялікіх памерах». Абвінавачанне было прад’яўленае рэктару паводле паказанняў прарэктара гэтай жа ўстановы Уладзіміра Раўкова, затрыманага 12 ліпеня. Ёсць меркаванні, што да Раўкова ўжываліся псіхатропныя сродкі, бо ўжо ў канцы ліпеня прарэктар накіраваў заяву пракурору Гомельскай вобласці, у якой адмовіўся ад дадзеных раней паказанняў.
27 снежня 1999 г. Юрый Бандажэўскі быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Рашэнне аб змяненні меры стрымання было прынятае следствам у сувязі са станам здароўя Бандажэўскага.
Праваабаронцы лічаць, што яго пераслед звязаны з няўгоднай уладам прынцыповай пазіцыяй адносна праблемы радыяцыйнай абароны насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, выкладзенай ім на самым высокім узроўні.
18 чэрвеня 2001 г. прафесара асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Следства вялося амаль паўтара года.Еўрасаюз напярэдадні суда выдаў Бандажэўскаму Пашпарт свабоды, тым самым прызнаўшы вучонага вязнем сумлення. Ён стаў 25-м чалавекам у свеце, якія атрымаў Пашпарт свабоды, што дае права жыць на тэрыторыі любой краіны ЕС.
5 жніўня 2005 г. быў вызвалены. З 2006 года Юрый Бандажэўскі пражывае ў французскім горадзе Клермон-Феран. Ганаровы грамадзянін 15 французскіх гарадоў, у тым ліку Парыжу. Ганаровы доктар Марсэльскага ўніверсітэту.
Андрэй Валабуеў — фігурант крымінальнай «справы Маршу Свабоды-1999». На момант затрымання яму было 17 гадоў.
Хлопца затрымалі разам з сябрамі — Германам Сушкевічам і Глебам Догілем — пасля «Маршу Свабоды» ў пераходзе метро «Плошча Перамогі». Маладыя людзі размаўлялі паміж сабою, калі да іх падыйшлі пяцёра чалавек у цывільным, заламалі хлопцам рукі і пацягнулі ў машыны. З Савецкага РАУСа, куды былі завезеныя затрыманыя, Валабуева ў ліку іншых перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе пратрымалі трое сутак. Яму было прад’яўленае абвінавачанне і вызначаная мера стрымання — падпіска аб нявыездзе.
Антону Лазараву ў 1999 годзе было 18 гадоў, ён працаваў на Чэрвеньскім рынку Мінска памочнікам гандляра. 21 кастрычніка 1999 г. за ўдзел у «Маршы Свабоды», які прайшоў 17 кастрычніка, Антон быў затрыманы на месцы працы. Удзень на рынку да яго падышоў міліцыянт і папрасіў прайсці з ім.
Усе фігуранты справы пакінулі Беларусь і неўзабаве атрымалі палітычны прытулак у Польшчы.
Судовы працэс распачаўся толькі 12 снежня 2001 года, напярэдадні маючага адбыцца «Маршу Свабоды-2». Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Адсутнасць падсудных на Радзіме не спыніла крымінальнага пераследу. Маладыя людзі абвінавачваліся па двух крымінальных артыкулах: «арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і «злоснае хуліганства». Ім ставілася ў віну тое, што падчас сутычкі з міліцыяй хлопцы кідалі ў жаўнераў унутраных войскаў тратуарнай брукоўкай, якая была прызначаная для рамонту ў парку Горкага.
2 студзеня 2002 года чацвёра падсудных былі прысуджаныя Мінскім гарадскім судом да штрафу ў 50 мінімальных заробкаў.
Сяржант Сяргей Лавейкін разам з сябрамі — студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Анатолем Блізняцовым і Алегам Кайдавым — быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкуле «Злоснае хуліганства» (абарона патрабавала перакваліфікацыі артыкула на «ганьбаванне дзяржаўнай сімволікі».
Следства, а потым і суд, разглядалі два эпізоды справы: 9 красавіка 1998 г., калі ўсе трое сарвалі чырвона-зялёныя сцягі з дахаў Полацкага райвыканкаму і гарвыканкаму, і 10 красавіка 1999 г., калі дзяржаўны сцяг ізноў знялі з райвыканкаму. Тады ж вайсковец і студэнты былі затрыманыя з ужываннем грубага збіцця.
Маладзёны прызналіся ў здзейсненых імі ўчынках, але патлумачылі іх не хуліганскімі памкненнямі, а тым, што сарваныя сцягі не адпавядаюць гістарычнаму мінуламу беларускага народа. Усе трое сказалі, што лічаць сімвалам Беларусі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, што гэтак вучылі настаўнікі падчас вучобы ў школе.
Справу трох маладых палачан разглядаў вайсковы суд у Віцебску ў ліпені 1999 года. Абвінавачанне было перакваліфікавана на знявагу дзяржаўных сімвалаў. Сяргей Лавейкін быў асуджаны на штраф у памеры 200 мільёнаў рублёў (на той час гэта складала ў эквіваленце каля 450 долараў ЗША) і быў паніжаны ў вайсковай годнасці да шaраговага жаўнера.
Мастак Алесь Пушкін шмат разоў затрымліваўся за ўдзел у палітычных акцыях, адбываў арышты. Першы раз быў асуджаны на 5 сутак у 1988 г. за заклікі прыйсці на першыя «Дзяды». У 1989 г. за выставу і шэсце ў Дзень Волі па праспекце Леніна (цяпер Незалежнасці) у Мінску Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна. Нават пасля гэтага ён фактычна некалькі гадоў быў невыязным.
У 1999 годзе Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падзяка прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 г., калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення Лукашэнкі, Пушкін, рызыкуючы быць абстраляным аховай, прыкаціў да пад’езду прэзідэнцкай управы ў цэнтры Мінска пафарбаваную ў чырвоны колер тачку гною, на якім ляжалі дэнамінаваныя беларускія грошы і шыльда з падзякай Лукашэнку за працу.
Быў адразу затрыманы, не назваў сваё імя, прадставіўся «чалавекам з народу», але праз некалькі гадзінаў супрацоўнікі міліцыі самі апазналі яго. Пушкіна выпусцілі з пастарунку пад падпіску аб нявыездзе.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. Алеся Пушкіна на 3 дні змясцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Сухарэнку — нібыта пра гэта данеслі невядомыя «рыбакі». Алеся аштрафавалі і адпусцілі. У тым жа годзе яго спрабавалі асудзіць па абвінавачванні ў абліванні чорнай фарбай помніка расійскаму «смершаўцу», Герою Савецкага Саюза Чабатарову. Але справа была адпраўленая на даследаванне і закрытая.
9 снежня 2010 года, за 10 дзён да разгону акцыі пратэсту ў Мінску, Пушкін быў затрыманы ў сябе дома і абвінавачаны ў хуліганстве. Пад вартай у Крупскім СІЗА абвясціў галадоўку і «маўчанку». Затрыманне аказалася прэвентыўным. Каб палітычна актыўны мастак не арганізаваў акцыю пратэсту, яму далі 13 сутак і пасля іх вызвалілі.
Апошні раз Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус.
Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама іншых асобаў за распальванне варажнечы. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе ў Гродне партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна.
У канцы лістапада 2021 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.
22 снежня 2021 СК завяршыў расследаванне і выставіў Алесю абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобаў) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 12 студзеня 2022 справа была перададзеная ў суд.
Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022. 25 сакавіка Алесь Пушкін на знак пратэсту парэзаў сабе жывот.
30 сакавіка 2022 суд прызнаў Пушкіна вінаватым і прызначыў яму 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Падчас абвяшчэння прысуду Алесь гучна гаварыў і распрануўся, каб былі бачныя парэзы на жываце ў выглядзе крыжа. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.
15 красавіка 2022 года Алесь Пушкін быў этапаваны з СІЗА-1 у папраўчую калонію №22.
25 лютага 1999 г. супраць намесніка старшыні «Маладога Фронту» Яўгена Скочкi была ўзбуджаная крымiнальная справа. У гэты дзень Яўген быў вызвалены са спецпрыёмнiку, дзе адбываў адмiнiстрацыйны арышт (10 сутак) за ўдзел у моладзевай акцыi «Беларусь у Эўропу», што адбылася 14 лютага.
Падчас знаходжання ў спецразмеркавальнiку Яўген Скочка 5 дзён трымаў сухую галадоўку, нягледзячы на тое што незадоўга да арышту ляжаў у шпiталi — у яго язва страўнiка. Яўген Скочка сказаў, што 23 лютага супрацоўнiкi змясцiлi яго ў так званы «трамвай» — штрафны iзалятар, якi ўяўляе сабой доўгi цёмны пакой з бетоннымi сценамi i падлогай. У гэтым пакоi выбiтае вакно, а падлога залiтая вадой. Па словах Скочкi, гэтае пакаранне было звязанае з тым, што супрацоўнiкi спецразмеркавальнiка святкавалi 23 лютага i былi п’яныя. 25 лютага, адразу пасля вызвалення, Яўгена Скочку адвезлi ў Мінскую гарадскую пракуратуру i правялi допыт. Яго абвiнавачвалі ў «арганiзацыі i ўдзеле ў групавых дзеяннях, якiя пацягнулi за сабой перашкоду працы транспарту i іншыя нязручнасці».
20 траўня 1999 г. у Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы Яўгена Скочкі.
14 чэрвеня 1999 г. Яўген Скочка быў асуджаны на адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуда на адзін год.
Міхаіл Чыгір — другі прэм’ер-міністр незалежнай Рэспублікі Беларусь і першы кіраўнік ураду пасля абрання Лукашэнкі.
Праз 2 месяцы пасля заявы Чыгіра пра намер балатавацца ў прэзідэнты была створана камісія па праверцы работы банка, якім ён кіраваў, за перыяд 1991-1995 гг. У выніку быў прадстаўлены не традыцыйны акт праверкі, а даведка, што ўтрымлівала 6 эпізодаў парушэнняў кліентамі банку тэрміну вяртання крэдытаў. Аднак разлікі з банкам былі завершаныя, і прэтэнзіяў да Міхаіла Чыгіра не ўзнікла. Не праходзіць і месяца, як у шэрагу СМІ з'яўляюцца беспадстаўныя звесткі аб тым, што былы кіраўнік ураду нібыта вінаваты ў невяртанні ў раней кіраваны ім банк шматмільённых крэдытаў. Гэта кампанія супраць Чыгіра распачалася акурат пасля таго, як ён сабраў 120 тыс. подпісаў грамадзянаў у сваю падтрымку. Увечары 28 сакавіка 1999 г. па нацыянальным тэлебачанні гучыць, што Міхаіл Чыгір скраў мільён долараў і эміграваў з краіны. Праз тры дні ён быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты, аднак за дзень да рэгістрацыі, 30 сакавіка 1999 г., арыштаваны і змешчаны ў СІЗА, дзе правёў 8 месяцаў.
30 лістапада 1999 г. выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Судовае паседжанне па яго справе, прызначанае на 27 снежня, было перанесена на 2000 год.
Міхаілу Чыгіру былі прад’яўленыя абвінавачанні ў прысвойванні маёмасці ў асабліва буйных памерах і злоўжыванні ўладай або службовым становішчам.
19 траўня 2000 г. Мінскі гарадскі суд асудзіў яго на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Гэтае рашэнне адмяніў Вярхоўны суд (5 снежня 2000 г.), адправіўшы матэрыялы на дарасследванне.
23 ліпеня 2002 года суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес у дачыненні да былога прэм’ер-міністра Беларусі новы прысуд: 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады, а таксама пазбаўленне на 5 гадоў права займаць вызначаныя пасады, звязаныя з гаспадарча-распарадчай дзейнасцю. На гэты раз ён быў прызнаны вінаватым ва ўтойванні падаткаў і ўхіленні ад падавання падатковых дэкларацый, што прычыніла дзяржаве шкоду ў асабліва буйным памеры. Чыгір абавязваўся пакрыць нанесеную шкоду. Яму не дазвалялася пакідаць месца жыхарства без дазволу органаў МУС, падпіска аб нявыездзе была пакінутая ў сіле. Па другім пункце абвінавачання — службовая халатнасць суд палічыў вінаватасць Чыгіра даказанай, аднак у сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці спыніў працэс.
Справу Аляксандра Чыгіра, малодшага сына Міхаіла Чыгіра, з самага пачатку называлі палітычнай. На думку экспертаў, яна была скіраваная на бацьку.
Аляксандра Чыгіра судзілі аж тройчы. Першы раз ён правёў за кратамі 3 гады з тых 7, да якіх ён быў прыгавораны. Яму інкрымінавалі крадзеж аўтамабіляў і перапродаж іх запчастак. Уладамі было скарыстана тое, што малады чалавек сапраўды з юнацкіх гадоў любіў машыны, добра разбіраўся ў іх, самастойна займаўся рамонтам і дапамагаў рабіць гэта сябрам.
Пасля вызвалення Аляксандра ў 1999 г. на яго завялі новую справу па старым абвінавачанні, да якога яшчэ дадалася «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць». 20 лютага 2001 г. было вылучанае абвінавачанне па арт. 205 ч. 4 Крымінальнага кодэкса РБ: «Таемны крадзеж маёмасці, учынены паўторна групай асобаў у асабліва буйных памерах». З канца лютага 2001 г. Аляксандр Чыгір знаходзіўся ў следчым ізалятары. За гэты час ён не меў ніводнага спаткання са сваякамі, а яго адвакат Аляксандр Пыльчанка быў жорстка збіты невядомымі.
6 сакавіка 2002 г. суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў Аляксандра Чыгіра на 7 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у пасобніцтве ўчыненню серыі крадзяжоў мікрааўтобусаў «Форд-Транзіт». Разам з ім да працяглых тэрмінаў зняволення прыгавораныя таксама Дзмітрый Юскевіч і Антон Яшын (уся справа будавалася на тым, што 19 лютага 2001 г. яны з'явіліся ў міліцыю з павіннай; на судзе заявілі, што паказанні з іх выбілі катаваннямі).
Аляксандар Чыгір адбываў тэрмін зняволення ў Івацэвіцкай калоніі. У снежні 2002 г. быў дастаўлены ў Мінск, дзе яму прад’явілі яшчэ адно абвінавачанне — у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
16 траўня 2003 г. у Ленінскім судзе Мінска пачаўся другі за два гады працэс над сынам былога прэм’ер-міністра. На думку следства, нібыта 15 разоў на заяўку Чыгіра-малодшага ў Мінску выкрадалі іншамаркі і прыганялі яму для таго, каб разбіраць на запчасткі і прадаваць. Аднак не было знойдзена ніводнага з саўдзельнікаў, якія ўчынялі выкраданні і, такім чынам, сам факт іх існаваў толькі на паперы. Тэрмін пакарання новая справа не змяняла.
Валерый Шчукін — дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання, праваабаронца, журналіст.
Першы раз трапіў за краты напрыканцы 1998 года. На турэмным рахунку капітана другога рангу ў адстаўцы і дэпутата Вярхоўнага Савета — некалькі дзясяткаў адміністрацыйных арыштаў і тры крымінальныя прысуды. З усіх адседак Шчукіну найбольш востра згадваўся адзін дзень у жодзінскай турме. Дзень, калі яму гвалтам пагалілі бараду.
У кастрычніку 1999 г. быў адным з заяўляльнікаў мітынгу і шэсця «Марш Свабоды». Але калі гарадскімі ўладамі шэсце было забароненае, ён адмовіўся ад свайго подпісу і пайшоў на «Марш» у якасці звычайнага ўдзельніка.
На 19 кастрычніка Шчукін быў выкліканы ў Савецкі РАУС па позве, дзе быў затрыманы. Пры затрыманні Шчукіна моцна збілі. Тры дні вязень знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, а пасля прад’яўлення яму абвінавачання (22 кастрычніка) накіраваны ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Абраная для Шчукіна мера стрымання, арышт, потым была змененая на падпіску аб нявыездзе. Адносна Шчукіна была парушаная дэпутацкая недатыкальнасць.
У 2001 г. пасля спробы трапіць на прэсавую канферэнцыю міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, Валерый Шчукін адседзеў тры месяцы ў жодзінскай турме за непадпарадкаванне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных справаў. 12 чэрвеня 2001 г. быў зняволены, 13 верасня 2001 г. — вызвалены.26 сакавіка 2007 г. Валерыя Шчукіна чарговы раз выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Віцебска. Яму прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 189 ч. 2 Крымінальнага кодэкса — «знявага, нанесеная ў друкаваным творы», выкліканае тым, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы Валерый Шчукін вырабіў і распаўсюдзіў улёткі з крытыкай аб парушэнні заканадаўства супрацоўнікамі акружных выбарчых камісій горада.
У сувязі з гэтым следчы вынес пастанову пра ўжыццё да Шчукіна падпіскі аб нявыездзе. Аднак Шчукін такой падпіскі не даў. Ён заявіў следчаму, што для яго, як для палітыка і журналіста, лепей сядзець у СІЗА, чым быць пад падпіскай. Валерый Шчукін быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны.
Працяг будзе