Улады стварылі камісію, што будзе шукаць экстрэмізм у інфармацыйнай прадукцыі
Мінскі аблвыканкам стварыў камісію для ацэнкі сімволікі «на прадмет экстрэмізму», паведамляе «Свабода».
Чыноўнікі будуць правяраць «законнасць выкарыстання» інфармацыйнай прадукцыі і сімволікі. Пастанова пра гэта пад № 1107 апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Персанальны склад камісіі вызначаецца рашэннем аблвыканкаму, у ёй могуць быць прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, спецыялісты ў галіне сацыялогіі, філасофіі, філалогіі, псіхалогіі.
«Асноўныя задачы абласной камісіі — аналіз і кампетэнтная ацэнка сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх прыкметаў экстрэмізму; узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць супрацьдзеянне такім праявам у інфармацыйнай прадукцыі і іх выяўленні», — гаворыцца ў палажэнні.
Адзначаецца, што камісія не з’яўляецца судова-экспэртнай арганізацыяй і яе чальцы могуць самастойна праводзіць экспертызы на падставе пастановы дзяржаўнага органа або службовай асобы з афармленнем адпаведнага заключэння таго ці іншага эксперта.