Украінцы, палякі, расійцы: Хто з замежнікаў трапіў пад каток рэпрэсій у Беларусі

Беларускі рэжым па палітычных матывах пераследуе не толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсійны каток трапляюць грамадзяне і грамадзянкі іншых дзяржаў. Напэўна, адзін з самых вядомых палітычных справаў супраць замежных грамадзян – кейс Наталлі Хершэ, якую вызвалілі з калоніі пры садзейнічанні Швейцарскай Канфэдэрацыі.

hroniki_represij_logo.png__1__logo_1_logo_1_logo_1.webp

У беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Украіны, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Казахстана і Узбекістана. Дакладная лічба невядомая, але іх падлік ідзе на трэці дзясятак.

Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск і пераслед украінцаў у Беларусі — іх абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасці» і «шпіянажы».

«Вясна» распавядае, каго з замежных грамадзян пераследуюць у Беларусі па палітычных матывах і па якіх справах.

Украіна

Раней некалькі грамадзян Украіны асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сярод іх — Міхаіл Феранец, Раман Гузінскі, Ірына Коваль, Кірыл Пятрэнка, Аксана Лакоза. Цяпер пасля адбыцця пакарання іх дэпартуюць у трэція краіны.

Да двух гадоў калоніі за каментары ў «Аднакласніках» пра Лукашэнку асудзілі 69-гадовага ўраджэнца Украіны (мае беларускае грамадзянства) Аляксандра Патапава. Пасля ранення і гібелі ва Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі і пляменніцы, ён пакінуў эмацыйныя каментары. У апошнім слове на судзе яму забаранілі выкарыстоўваць украінскія словы.

За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» да 2,5 гадоў калоніі асудзілі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву. Яе абвінавацілі ў тым, што напачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне яна адправіла ў чат-бот рэдакцыі «Зеркала» два відэа з перамяшчэннем расійскай ваеннай тэхнікі пад Мінскам.

Агулам з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі. Да гэтага часу на памежных пунктах памежнікі дасканала дапытваюць іх, а некаторых не ўпускаюць у краіну без тлумачэнняў прычын.

Ужо два гады ў Беларусі пераследуюць украінцаў па падазрэннях у супрацоўніцстве з украінскімі спецслужбамі. Дзеянні затрыманых украінцаў кваліфікуюць як «агентурную дзейнасць» паводле арт. 358-1 КК і «шпіянаж» (арт. 358 КК). Так, па гэтых артыкулах асудзілі мінімум сем грамадзян Украіны: Сяргея Бойку, Людмілу Ганчарэнку, Міхаіла Сталярчука, Дзмітрый Гудзік, Паўла Купрыенку, Андрэя Шмая, Наталлю Захаранку.

Таксама пад вартай утрымліваецца фігурант справы аб дыверсіі ў Мачулішчах 26 лютага 2023 года Мікалай Швец з Украіны. Паводле прапагандыстаў, украінскія спецслужбы адправілі яго ў Беларусь, каб здзейсніць «тэракт». Калі адбудзецца суд — невядома.

Восенню 2023 года КДБ заявіў, што ў Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў «падрыхтоўцы тэрактаў», сярод іх — два ўкраінцы. Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Прапагандысты сцвярджалі, што ён нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што «з сакавіка гэтага года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны». Што яму канкрэтна прад'яўляюць — пакуль невядома. На следчых дзеяннях яго вадзілі на ланцугу. Вячаслаў Бародзій змешчаны ў СІЗА.

Таксама затрыманы Іван Ліхалат. Паведамлялася, што яму інкрымінуюць «шпіянаж» (арт. 358-1 КК).

Напачатку красавіка 2024 года дзяржканал АНТ выпусціў сюжэт пра затрыманні ў памежных з Украінай раёнах. Паведамляецца пра 10 затрыманых, тры з якіх — грамадзяне Украіны. Гэта бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. Паводле версіі тэлеканала, яны нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу і прынеслі ў Беларусь выбухоўку. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мужчыны пераходзілі мяжу з цеплавізарамі, правяраючы такім чынам, ці няма каго на іх шляху. У чым іх абвінавачваюць цяпер, працэсуальны статус і месцазнаходжанне ўкраінцаў невядомыя.

Таксама сцвярджаецца, што затрыманая грамадзянка Украіны, жыхарка Маларыцкага раёна, Лідзія Грук. Паводле прапагандыстаў, яна са сваім мужам Яўгенам фатаграфавала прымежныя аб'екты ва Украіне. Аўтары роліка сцвярджаюць, што і яе абвінавачваюць у тэрарызме.


Глядзіце таксама

Латвія

У Мінскім гарадскім судзе ў кастрычніку 2023 года асудзілі 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку. Яе абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 КК. Справу ў закрытым рэжыме разглядала Анастасія Папко, але вынік суда невядомы.

У прапагандысцкім фільме, дзе паказвалася і затрыманне жанчыны, паведамлялася, што «Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі».

Яна адбывае свой тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.

У «спісе экстрэмістаў» таксама адзначаецца, што ў Беларусі быў асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзмітрый Сіўко. У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля яго асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.

Расійская Федэрацыя

Адным з самых гучных справаў пераследу грамадзянкі Расіі быў кейс Сафіі Сапегі, якую затрымалі з Раманам Пратасевічам у выніку пасадкі Ryanair у 2021 годзе. За адміністраванне праекта «Чорнай кнігі Беларусі» яе асудзілі да шасці гадоў калоніі. 7 чэрвеня 2023 г. Сафія была вызвалена па памілаванні.

Па «справе Ціханоўскага» да 16 гадоў калоніі быў асуджаны грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў. Яго абвінавацілі ў мадэрацыі сацыяльных сетак «Краіны для жыцця» і асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку 2022 года стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым. На судзе, які адбываўся наўпрост у СІЗА, яго абараняла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна. У інтэрв'ю блогу «Максімальна» яна распавяла: «А насамрэч ён проста адзін раз прынёс паўэрбанк Ціханоўскаму. Чалавек атрымаў 16 гадоў за тое, што прынёс паўэрбанк і сябраваў з аператарам Ціханоўскага. І ўсё».

Таксама па «справе Ціханоўскага» быў асуджаны грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Новікаў. Ён цалкам адбыў тэрмін і 31 кастрычніка 2022 года выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2. Мужчыну адразу дэпартавалі ў Расію і перадалі ФСБ.

У Мінску да 11 гадоў калоніі асудзілі 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава. Хлопец затрымалі за тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале «ОГСБ». Пасля затрымання ён сутыкнуўся з катаваннямі. Летам 2022 года яго перавялі з бабруйскай калоніі на турэмны рэжым.

У ваўкавыскай калоніі ўтрымліваецца асуджаны да дзевяці гадоў калоніі, збіты падчас жнівеньскіх пратэстаў, грамадзянін Расіі Максім Матырка.

Цяпер па «справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне» судзяць грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова. Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для «ўкраінскіх спецслужб» — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

У 2022 годзе за «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «агентурную дзейнасць» (арт. 358-1 КК) асудзілі 59-гадовага Сяргея Ботвіча. Вынік суда праваабаронцам невядомы.


Глядзіце таксама

Польшча

На дадзены момант праваабаронцам вядома пра трох асуджаных грамадзян Польшчы па палітычных артыкулах.

Вясной 2023 года ў Гродне за «агентурную дзейнасць» да чатырох гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага. Яму быў інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Ежы адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.

У Мінску 17 красавіка 2023 года 54-гадовага грамадзіна Польшчы Роберта Тампалу асудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады). Тэрмін мужчына адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.

Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Вынік суда праваабаронцам невядомы.

Рэспубліка Узбекістан

У «спісе экстрэмістаў» значыцца асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) 62-гадовы грамадзянін Рэспублікі Узбекістан Ільдар Таўхітаў. Па стане на жнівень 2023 года было пазначана, што ён адбывае пакаранне.

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2022 годзе асудзілі грамадзяніна Узбекістана Віктара Новіка з жонкай Вольгай. Суд Ленінскага раёна прызнаў іх вінаванымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Рэспубліка Казахстан

У наваполацкай калоніі № 1 адбывае тэрмін жыхар Петрыкава, які мае грамадзянства Казахстана, Віталь Скударнаў. 11 лютага 2022 года яго асудзілі ў Гомелі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Тэрмін невядомы.