Хронікі рэпрэсій. Палітзняволенаму Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 4 красавіка.
Палітвязню Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.
«Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю — вывелі катэтар з мачавога пузыра... і адразу з аперацыйнага стала адправілі ў камеру...», — напісаў Дзмітрый.
Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
У судзе Пінска з 28 сакавіка 2024 году судзяць Сяргея
Кулеша. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 (масавыя беспарадкі)
Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Яўгенія Мельнік.
Нагадаем, у красавіку 2021 году 14 палітвязняў паводле так званай «пінскай справы» пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў. Суддзя Яўген Брэган прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пасля гэтага ў ліпені 2021 году былі вынесеныя прысуды дзесяці мужчынам па «пінскай справе»: Вера Філонік прызначыла ім ад 4 да 5,5 гадоў пазбаўлення волі. У кастрычніку 2021 году да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі Андрэй Грушко асудзіў яшчэ двух фігурантаў «пінскай справы».
Цяпер паводле гэта ж артыкулу судзяць Сяргея Кулеша. Падрабязнасці пра ягонае абвінавачанне пакуль невядомыя.
3 красавіка ў
Івацэвічах адбыўся суд па замене палітвязню
Аляксандру Цялезе рэжыму ўтрымання, па выніках якога яго могуць
перавесці ў турму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкавалец, але
вынік суда пакуль невядомы.
Нагадаем, у судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022 года Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні. 1 лістапада 2022 года над палітвязнем распачаўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна зноў за каментары. У выніку суд прызначыў яму адзін год зняволення, але шляхам паглынання больш строгага пакарання менш строгім тэрмін пакінулі ранейшым.
У Ветцы была затрымана шматдзетная маці Ганна Малантаева. 2 красавіка суддзя Вольга Сычова
разглядала адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд
экстрэмісцкіх матэрыялаў), якая была заведзена на Маналтаеву. Вынік суда
высвятляецца.
Ганна Маналтаева — маці 4-х непаўнагадовых дзяцей. У 2023 годзе яна была ўзнагароджана Ордэнам маці.
У Гомелі на 15 сутак арыштавалі начальніка праектнага інстытута «Гомельгіпразем». Гаворка пра Андрэя Варуева —
начальніка трэцяга аддзела па землеўпарадкаванні Рэспубліканскага дачэрняга
ўнітарнага прадпрыемства «Праектны інстытут «Гомельгіпразем». Яму прызначылі 15
сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
За ўдзел у пратэстах
затрыманы жыхар Брэста Яўген Мельнічук.
Пасля 13 сутак
арышту не выйшаў на волю хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец. Пра яго затрыманне стала вядома 20
сакавіка. У чым абвінавацілі мужчыну, невядома. Сергій Мельянец — хрысціянскі
прапаведнік, паэт і выканаўца аўтарскай песні, бацька семярых дзяцей.
У Беларусі +13
новых палітвязняў. Гэта Дзіяна Кішкарэнка, Анастасія Юманава, Вольга
Патрусаева, Дзмітрый Кучук, Міхаіл Петраш, Юрый Хаванскі,
Піліп Сцёпін, Яўген Цыбулька, Вячаслаў Баравік, Дзмітрый
Шчамер, Андрэй Анпілогаў.
Цяпер у спісах праваабаронцаў 1400 палітвязняў, але
насамрэч іх нашмат больш.