Уезд у цэнтр Мінска могуць зрабіць платным
Мінчане прапанавалі гарадскім уладам ўвесці плату за ўезд у зону ўнутры першага кальца на асабістым транспарце. Аказваецца, над падобным праектам ужо працуюць — і пачаць хочуць з грузавікоў.
Пэтыцыю з прапановай увесці плату за ўезд у зону ўнутры першага кальца апублікавалі на сайце Petitions.by. Яна сабрала 155 подпісаў, і яе адправілі Мінгарвыканкам.
«Лічым, што дадзеная мера вызваліць цэнтр горада ад затораў і дазволіць адваяваць дарогі для палос грамадскага транспарту, веладарожак і пашырэння ходнікаў, — гаворыцца ў петыцыі. — Лічым, што цэнтр горада больш чым забяспечаны грамадскім транспартам, і няма вялікай неабходнасці прывозіць сваё аўто ў перагружаны раён па асабістых мэтах. Большасць мінчан, рухаючыся з заходняй часткі горада ва ўсходнюю, па наяўных у нас звестках, выкарыстоўваюць другое кальцо і МКАД. Асноўны транзітны паток у цэнтры прыходзіцца на праспект Незалежнасці і вуліцу Няміга».
Частку аўто актывісты прапануюць вызваліць ад платы — напрыклад, мясцовых жыхароў, а таксама тых, хто едзе па пэўных вуліцах.
Складальнікам петыцыі прыйшоў адказ за подпісам дырэктара ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валерыя Шкуратава. Аказваецца, падобны праект ужо прапрацоўваюць — і пачаць збіраць плату хочуць з грузавікоў.
«Адпаведнымі падраздзяленнямі Мінгарвыканкама прапрацоўваецца пытанне разгрузкі МКАД і вулічна-дарожнай сеткі горада ад грузавога аўтатранспарту шляхам збору платы за праезд ТС з дапушчальнай агульнай масай больш за 3.5 тон, — гаворыцца ў дакуменце. — У выпадку паспяховай рэалізацыі дадзенага этапу будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці пераносу прынцыпу працы дадзенай сістэмы на іншыя віды транспарту».
Праўда, канкрэтных тэрмінаў ўлады не называюць, як і межаў тэрыторыі, ўезд на якую стане платным.
У той жа час меры, якімі сталічныя ўлады спадзяюцца пераканаць мінскіх аўтамабілістаў схаваць свой эгаізм далей і перасесці на грамадскі транспарт, выглядаюць даволі нерашучымі ў параўнанні з сусветнай практыкай. Напрыклад, у Германіі і Нідэрландах аўтамабілістаў перавыхоўваюць платным уездам у цэнтральныя часткі гарадоў ужо некалькі дзесяцігоддзяў, а памер падаткаў на валоданне асабістым аўто і кошт парковак прымушаюць дужа задумацца, ці не час перасесці на ровар. А ў Японіі падданым мясцовага імператара і зусім не выдаецца дазвол на куплю аўто, пакуль яны не дадуць дакумент аб наяўнасці ў іх распараджэнні афіцыйнага паркавальнага месца.
У Беларусі ж на парушэнні правілаў паркоўкі традыцыйна глядзяць скрозь пальцы, а непрыстойна нізкі кошт валодання аўтамабілем дазваляе купіць яго нават нізам грамадства — тым, каму ў прынцыпе не па кішэні цывілізавана і законна ўтрымліваць асабісты транспарт. У выніку ствараюцца сур'ёзныя заторы на гарадскіх вуліцах, а паркуюць машыны часта на газонах, тратуарах і дзіцячых пляцоўках.
Паводле tut.by