Кантралёр — гэта гучыць нервова

Самая даступная праца ў галіне грамадскага пасажырскага транспарту — кантралёрам. Але даступная — не значыць лёгкая. І фізічна, і псіхалагічна. Таму і цякучка кадраў сярод працаўнікоў кантрольна-рэвізорскай службы, як гэта гучыць на штатна-бюракратычнай мове, уражвае маштабамі.

Фота intex-press.by

Фота intex-press.by


У 2018 годзе ў «Мінсктранс» уладкаваліся на пасаду кантралёра 236 асобаў, а звольніліся 207! Гэта пры тым, што ўсяго на сталічных маршрутах працуюць каля 350 чалавек. Некалькі знаёмых журналісткі «Новага Часу» нейкі час таму працавалі ў брыгадах кантралёраў і распавялі пра нюансы жыцця-быцця транспартных рэвізораў.


Хто ловіць «зайцоў»?

Наталля распавядае, што падалася ў кантралёры пасля дэкрэтнага адпачынку: «У сям’ю патрэбныя былі грошы. Фірма-крама, дзе я працавала прадаўцом да родаў, развалілася, а суседка працавала кантралёрам. Ну і параіла мне. Сама яна дагэтуль «кантроліць», вось ужо гадоў дзесяць. Пра цякучку кадраў, натуральна, казала. Што некаторыя па два дні, па тыдні вытрымліваюць — ды ўцякаюць. Але ж я на касе ў краме шмат камунікавала з тысячамі пакупнікоў, таму да рознага народу звыклая. І да п’яных, і да хамаў, і да заляцальшчыкаў, і да дзівакаватых».

З ахвотнымі праводзіцца сумоўе, у тым ліку пры ўдзеле псіхолага, а таксама экзамен пасля інструктажаў і выпрабавальнага тэрміну. У вакансіях абавязковае патрабаванне — камунікабельнасць і нервовая ўраўнаважанасць. У свежых снежаньскіх прапановах абяцаюць 850 рублёў заробку. Гэта плюс-мінус. Бо залежыць ад колькасці правераных адзінак перасоўнага саставу, а нарматыў — 40 за 8-гадзінную працоўную змену. Прэміі можна атрымаць за выпісванне штрафных квітанцыяў — то-бок, дзейнічае заахвочвальны прынцып. Таму добры для пасажыраў кантралёр, якія паспачувае безбілетніку, даруе і пакіне ў спакоі, будзе так сабе зарабляльнікам і дрэнным працаўніком для транспартнай арганізацыі. Тым больш, што мэта — не проста выкрыць і аштрафаваць «зайцоў», а прывучыць грамадзян законапаслухмяна плаціць за праезд.

Сацыяльныя бонусы для кантралёра — магчымасць займець пуцёўку ў дзіцячы аздараўленчы лагер і санаторый. Трэба мець адукацыю, не ніжэйшую за сярэднюю, і гатоўнасць працаваць пазменна, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. Дарэчы, клічуць і студэнтаў на падпрацоўку ў вольны ад вучобы час.

Апрача добрых нерваў, патрабуюцца тактоўнасць у размовах з пасажырамі і здольнасць працаваць ва ўмовах аўдыё- і відэакантролю. Відэарэгістратары прыдадуцца на выпадкі канфліктных сітуацый з пасажырамі, каб разбірацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты. А таксама пры разглядзе скаргаў кіраўніцтвам ці нават у судзе.

«Першая змена стартавала і ў 5, і ў 6 гадзінаў раніцы. Зрэшты, пакрысе пад такі расклад арганізм падладжваецца, — працягвае былая кантралёрка Наталля. — Аднак не кожны вытрымлівае такую дастаткова жвавую працу на нагах, асабліва калі ёсць нейкія хранічныя хваробы. Я ў выніку якраз сышла праз праблемы з сасудамі. Ну і нічога добрага няма, калі ты ўвесь час знаходзішся каля аўтамабільных выкідаў. Гэта дадатковая шкоднасць, апрача таксічных кантактаў з некаторымі пасажырамі».

Гэты крайні бок кантралёрскай працы многія маглі бачыць у скандальных відэароліках, якія перыядычна з’яўляюцца ў інтэрнэце. Напрыклад, з лаянкай ці бойкамі паміж пасажырамі і кантралёрамі. «Гэта толькі вяршыня айсбергу. У сэнсе, самыя крытычныя сітуацыі, але наогул канфліктаў адбываецца шмат. Могуць і накрычаць, і штурхануць. Асабліва калі працуеш у другую змену: людзі едуць стомленыя з працы, некаторыя нападпітку, — кажа суразмоўца «Новага Часу». — Зрэшты, я заўжды старалася гасіць канфлікты, пачынаючы ад “калі ласка” ў звароце з просьбай паказаць аплату праезду або аплаціць штраф. Але самае галоўнае — імкнулася трымаць сябе так, што я проста раблю сваю справу: ажыццяўляю належны кантроль за парадкам, а не выконваю нейкую карную функцыю, не палюю на “зайцоў”, каб аштрафаваць. Можа, таму, што памятаю, як у юнацтве мы, безбілетныя, пільнавалі кантралёраў і як гэта было стрэсава».

Фота intex-press.by

Фота intex-press.by


Хітрыкі безбілетнікаў

Вікторыя Паўлаўна прапрацавала кантралёрам усяго некалькі месяцаў: «Ай, гэта зусім не маё! І ўзімку я туды сунулася, а вельмі холадаўразлівая. І праца нецікавая: ходзіш і, як дзяцел, паўтараеш: «Ваша аплата праезду!» Толькі спачатку было цікава назіраць рэакцыі людзей на цябе ў форменнай камізэльцы, а таксама іх хітрыкі і апраўданні, чаму яны едуць без праязнога ці талончыка».

Натуральна, бываюць тыя, хто «папросту забыў прыкласці “пластык” БСК да валідатара ці пракампасціраваць там талончык». Але звычайна фраза «патэлефанавалі, трэба было адказаць, а таму не паспеў аплаціць» — гэта распаўсюджаны падман кантралёраў, які не спрацоўвае. Як і заява, што «вось якраз іду да кіроўцы купляць талончык», бо, паводле правілаў, дзеля яго набыцця трэба заходзіць у пярэднія дзверы да кабіны кіроўцы.

Большасць безбілетнікаў — свядомыя неплацельшчыкі: «У многіх тактыка такая: не плаціць больш выгадна, бо бывае рэдка, калі цябе зловяць кантралёры. Ну, заплаціш штраф нават некалькі разоў на месяц. Я такіх пасажыраў называю побытавымі эканамістамі. Яны спакойна рэагавалі, калі мы заходзілі і блакавалі валідатары, быццам бы ў кашальку былі прыпасеныя грошы на такі штрафны выпадак. Шмат тых, хто пільнуе нас праз вокны, каб выскачыць на вуліцу ў патрэбны момант. Прычым, гэта не толькі студэнты, якіх, калі зловіш, прыкідваюцца шкалярамі, а і часам салідныя мужчыны. Калі выпісваеш “зайцу” штраф, то пасажыры, якія аплацілі праезд, на баку кантралёраў. Могуць і паўшчуваць, нават калі безбілетнік скардзіцца на эканамічную палітыку Лукашэнкі, і яны згодныя з ім».

Дарэчы, у аўтобусах, тралейбусах ды трамваях дастаткова часта можна назіраць спажывецка-салідарніцкія дзеі, калі пасажыр, выходзячы з салона, пакідае на акне свой талончык або перадае яго ў дзвярах пасажыру, які заходзіць. Па словах Вікторыі Паўлаўны, было некалькі выпадкаў, калі ёй такім чынам удзень паказвалі падабраныя ў салоне талончыкі, пракампасціраваныя раніцай.

Дарэчы, Наталля падказала нам шматтысячныя антыкантралёрскія мінскія супольнасці ў сацыяльных сетках, у якіх у анлайн-рэжыме паведамляецца пра перамяшчэнні брыгадаў кантралёраў, а таксама даюцца парады, як абмінаць сустрэчаў з імі. Вось, напрыклад, лайфхак наконт таго, дзе самае найлепшае месца для пільнавання кантралёраў у салоне: «Паводле гутарак з самімі кантралёрамі пераконваешся, што гэта задняя частка транспарту: калі кантралёры будуць заходзіць, заўважыш і выйдзеш. Калі зойдуць праз пярэднія дзверы, праверка можа да цябе не дапяць да наступнага прыпынку». Болей за ўсё шанцаў збегчы ад кантралёраў у трамваях, уваход у якія з высокімі прыступкамі, а значыць, болей часу сыходзіць у кантралёраў, каб зайсці ў салон.

Яшчэ адзін спадарожны лайфхак — сказаць, што маеш буйную грашовую купюру, хацеў купіць талончык у кіроўцы, а ў яго не было рэшты. Тут спадзяванне, што кантралёр не пойдзе ад вас з задняй часткі салона і ў «час пік» да кіроўцы спраўджваць такую версію. А вось тлумачэнне, што «ішоў якраз купляць талончык у кіроўцы» не спрацуе.

З гэтага кастрычніка супраць «зайцоў»-выскачак кантралёры ўжываюць новую тактыку: яны атрымалі права спыняць грамадскі транспарт, калі дазваляе дарожная сітуацыя, паміж прыпынкамі. Уваходзяць праз пярэднія дзверы, а астатнія не адчыняюцца, блакуюць валідатары — і нікуды безбілетнік не падзенецца.

А вось павелічэнне з новага года штрафу за безбілетны праезд наўрад ці напалохае «зайцоў». Ён вырастае не ў разы, каб істотна скарацілася колькасць безбілетнікаў, а нязначна, у звязку з узняццем памеру базавай велічыні. Яна вырасце з 25,5 да 27 рублёў. Штраф за безбілетны праезд складае 0,5 — 1 базавай. Звычайна штрафуюць на палову базавай — 13,5 рубля.

І, на ўсялякі выпадак, нагадаем прававыя нюансы ў сувязі з безбілетным праездам. Калі «заяц» прызнае сябе вінаватым і гатовы аплаціць штраф тут жа, то пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не складаецца, а выдаецца адмысловая квітанцыя. Калі безбілетны пасажыр адмаўляецца плаціць штраф на месцы і не хоча паказваць або не мае пры сабе пашпарту, то выклікаецца міліцыя і складаецца пратакол аб «адміністрацыйцы». А гэта вам трэба? Прыгадайма выпадак з прэс-сакратаркай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Красулінай, якую хацелі выслаць як расіянку з Беларусі за некалькі адміністрацыйных правапарушэнняў, сярод якіх была і несвоечасовая аплата праезду. Дый наогул, права і парадак пачынаюцца ці не з такіх дробязяў, як банальнае кампасціраванне талончыка.