У межах рэформы ЖКГ у Мінску будзе створана адзіная дыспетчарская служба "115"

У межах рэформы ЖКГ у Мінску будзе створана адзіная дыспетчарская служба "115". Пра гэта на пасяджэнні круглага стала паведаміў генеральны дырэктар ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Віталь Смірноў. 



3_10111_pic_mer1.jpg

Мерапрыемства было прысвечана эксперыменту па рэформе ЖКГ, які стартуе 1 сакавіка на базе Партызанскага і Першамайскага раёнаў сталіцы. 
Як адзначыў Смірноў, "сёння, калі здараецца аварыя ў доме, яго жыхарам вельмі складана датэлефанавацца ў дыспетчарскую ЖЭСа". Паводле яго слоў, адзіная дыспетчарская служба будзе працаваць кругласутачна і прымаць заяўкі ад насельніцтва незалежна ад раёна пражывання. Потым заяўкі будуць перадавацца адпаведным службам. "Адзіная дыспетчарская служба дазволіць лепш кантраляваць і выкананне заявак", — лічыць Смірноў. 


Ён таксама паведаміў, што вывучаецца сітуацыя з колькасцю званкоў у дыспетчарскія службы і "колькасць аператараў на "115" будзе дастатковай, каб датэлефанавацца хутка". 


Смірноў расказаў, што ў межах эксперыменту па рэформе ЖКГ у двух раёнах дзяржаўнае аб'яднанне "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" будзе пераўтворана ў дзяржаўную ўстанову, з фінансаваннем з бюджэту. Цяпер ГА фінансуецца за кошт адлічэнняў ЖРЭА раёнаў, якія закладваюцца ў фактычны кошт квадратнага метра тэхабслугоўвання. 
Будуць створаны службы замоўца — КУП "Жыллёва-камунальная гаспадарка Першамайскага раёна" і КУП "Жыллёва-камунальная гаспадарка Партызанскага раёна". Іх задача — выконваць функцыі ўпаўнаважанай асобы па кіраванні жыллёвым фондам і прадстаўляць інтарэсы як насельніцтва, так і адміністрацыі раёнаў. "КУП будзе займацца заключэннем дагавораў з падраднымі арганізацыямі і насельніцтвам на тэхабслугоўванне, капітальны рамонт, абслугоўванне ліфтаў, праводзіць таргі. Усе работнікі КУП пройдуць навучанне. Іх праца плануецца поўнасцю гасразліковай", — паведаміў Смірноў.  
Усяго, паводле яго слоў, плануецца стварыць сем ЖЭУ. Яны аб'яднаюць два-тры ЖЭСы. Адно ЖЭУ будзе абслугоўваць ад 600 тыс. да 1 млн. кв. м жылля. Тэхабслугоўваннем і ўборкай тэрыторый зоймуцца асобныя брыгады. 
Акрамя таго, плануецца стварыць у кожным раёне адзінага аператара па ўтылізацыі смецця і стымуляваць яго здабываць другасныя рэсурсы. Плануецца стварыць і адзіны разлікова-даведачны цэнтр, які аб'яднае 43 РДЦ Мінска. Іх функцыі пашырацца, і жыхары змогуць у іх фактычна вырашаць усе пытанні, звязаныя з жыллём. 
"У выніку рэформ будзе зніжана фінансавая нагрузка, зніжаны сабекошт паслуг, скарочана 410 спецыялістаў толькі ў Першамайскім раёне, скарочаны адміністрацыйны апарат на 10%, зэканомлена каля 2,5 млрд. рублёў па адным раёне. Вынікі мы ўбачым на працягу двух-трох месяцаў", — лічыць Смірноў. 
Як паведаміў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, эксперыментам у Мінску ўжо зацікавіліся ў Гродне і Гомелі. "Эксперымент будзе распаўсюджаны і на іншыя раёны горада, і такая сістэма, калі яна пакажа станоўчыя вынікі, планамерна стане рэальнасцю паўсюль", — адзначыў міністр.
Марына Носава, БелаПАН