У Віцебску адключылі электратабло з раскладам гарадскога транспарту. Прычына — неаплата за электрычнасць
Электронныя табло з раскладам руху гарадскога транспарту ў Віцебску адключылі праз запазычанасць па аплаце электраэнергіі, іх павінны дэмантаваць, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Пару тыдняў таму журналісты заўважылі, што гэтыя электронныя табло перасталі
працаваць і адлюстроўваць інфармацыю пра бліжэйшыя рэйсы грамадскага
транспарту. Гараджане падалі заяўку аб гэтым недахопе на партал 115.бел.
З адказу аддзела
ЖКГ Віцебскага гарвыканкама на гэтую заяўку стала вядома, што табло былі
адключаныя з-за несвоечасовай аплаты электраэнергіі і назапашанай
запазычанасці. Больш за тое, яны падлягаюць дэмантажу.
Нагадаем, што
такія табло сталі з'яўляцца на прыпынках грамадскага транспарту ў абласным
цэнтры ў 2019 годзе. На Прывакзальнай плошчы, напрыклад, табло ўсталявалі ў
канцы лістапада таго года.
Электронны расклад транспарту на некаторых прыпынках Віцебска з'явіўся па ініцыятыве
Віцебскага абласнога камунальнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства
«Аператар перавозак», якое забяспечвае экспарт даных аб руху грамадскага
транспарту. А вось вырабляць і эксплуатаваць табло павінна было нейкае ТАА «Час
славы», зарэгістраванае ў Барысаве.
Да 2020 года гэтае рэкламнае агенцтва паспела ўсталяваць больш за 30 экранаў па ўсёй Беларусі —
2/3 плошчы табло выкарыстоўвалася пад рэкламу, а на ніжняй траціны трансляваўся
расклад.
Год таму,
падобна, фірма стала адчуваць фінансавыя цяжкасці, з яе сталі спаганяць
запазычанасці шляхам прымусовага выканання.