Павялічацца камуналка, падаткі, пенсійны ўзрост. Што зменіцца ў Беларусі з 1 студзеня?

Аб тым, што зменіцца ў Беларусі з 1 студзеня 2022 года, распавядае «Наша Ніва».

20211027_img_6923_jieg5.jpg

За камуналку будзем плаціць больш

У 2022-м, як і ў папярэднія гады, двойчы паднімуць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Першы этап — з 1 студзеня на 11,1 рубля падаражэюць усе паслугі, апроч ацяплення. Па падліках чыноўнікаў, аплата камуналкі за тыповую двухпакаёўку, дзе жывуць тры чалавекі, вырасце прыблізна на пяць даляраў у месяц. Наступнае падаражанне чакаецца з 1 чэрвеня — на 3,04 рубля павысяць тарыфы на цяпло, электраэнергію, газ, які выкарыстоўваюць на ацяпленне.

З новага года павялічваюцца таксама тарыфы на электраэнергію, прыкладна на 11%. За інтэрнэт і званкі за мяжу са стацыянарнага тэлефона таксама будзем плаціць больш, «Белтэлекам» павышае стаўкі прыкладна на 5 %.

Падымуць мінімальны сярэдні заробак, падтрымаюць бюджэтнікаў

З 1 студзеня павялічваецца мінімальны заробак — да 457 рублёў (цяпер ён складае 418,14 рубля). Таксама падымуць базавую стаўку, ад якой залежыць заробак бюджэтнікаў — да 207 рублёў (цяпер — 198 рублёў).

У два разы павялічваецца аднаразовая выплата на аздараўленне бюджэтнікаў (было — палова акладу, будзе — цэлы аклад работніка). На гэта з бюджэту выдзеляць каля 120 мільёнаў рублёў.

З новага года педагогам, якія бяруць класнае кіраўніцтва і куратарства, будуць даплачваць — базавую стаўку (207 рублёў).

Павышаецца і базавая велічыня, да якой прывязаныя многія абавязковыя плацяжы і штрафы — да 32 рублёў (цяпер — 29 рублёў).

Выходзім на максімальны пенсійны ўзрост

З 1 студзеня павышаецца пенсійны ўзрост: для жанчын — 58 год, для мужчын — 63 гады. Улады дасягулі пастаўленай у 2017 годзе мэты. Але магчыма, гэта не канчатковае павелічэнне. Чыноўнікі казалі, што пенсійны ўзрост жанчын могуць яшчэ падняць. Эксперты МВФ раілі беларускім уладам павышаць пенсійны ўзрост.

Таксама з новага года на шэсць месяцаў павышаецца мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі — цяпер гэта 18,5 года (час, калі ішлі адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны). З 2022-га будуць па-новаму разлічваць пенсіі. Перыяд, за які бяруць заробак, каб разлічыць выплаты, павялічваецца на год — да 28 гадоў неперарыўнага стажу.

Запасаемся памідорамі — запрацуюць антызаходнія санкцыі

З 1 студзеня пачынае дзейнічаць прадуктовае эмбарга супраць заходніх краін, што ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Пад забаронай прадукцыя з краін ЕС, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Вялікабрытаніі і Ірландыі, Швейцарыі і Чарнагорыі. Цікава, што хоць Сербія і падтрымала ЕС у санкцыйным ціску, яе прадукцыю беларускія ўлады ў адказ блакіраваць не будуць.

Вось пра якія прадукты ідзе гаворка:

мяса (ялавічына, свініна, свойская птушка);

субпрадукты, тлушчы, каўбасы, харчовая мука з мяса або мясных субпрадуктаў;

малако і малочная прадукцыя;

садавіна, гародніна і арэхі;

кандытарскія вырабы;

соль.

Важна: спіс не вычарпальны, бо маецца пазнака «і іншыя прадукты». Улады абяцаюць, што змогуць замяніць заходнія тавары беларускімі або аналагамі з краін, якія не ўводзілі санкцыі, таксама прадугледжваюцца квоты для пэўных пастаўшчыкоў. Як будзе працаваць новы механізм, стане вядома ўжо ў 2022-м. Пакуль жа незразумела нават, ці трапяць пад забарону прадукты еўрапейскіх брэндаў, якія вырабляюцца, напрыклад, у Расіі.

Новыя падаткі

Абноўлены падатковы кодэкс пакуль не апублікаваны, але чыноўнікі анансавалі, што з 2022 года пачнуць спаганяць падатак з кожнага ўладальніка кватэры, раней плацілі тыя, хто мае больш за адну. Дакладная сума стане вядомая, калі апублікуюць змены ў кодэкс.

Таксама ў планах — падняць зборы з гаспадароў аграсядзібаў і рамеснікаў. З 1 студзеня прымяняць спрошчаную сістэму не змогуць ІП, якія аказваюць паслугі. Выключэнне зрабілі для наступных відаў занятасці:

турыстычная дзейнасць;

дзейнасць у сферы аховы здароўя;

дзейнасць сухапутнага транспарту;

паслугі па грамадскім харчаванні;

дзейнасць у галіне камп'ютарнага праграмавання.

Стаўка для астатніх вырасце з 5% да 16%. Частка прадпрымальнікаў можа перайсці на сплату адзінага падатку, калі аказваюцца паслугі грамадзянам выключна для асабістых, бытавых, сямейных і іншых патрэб.

Сямейны капітал не будуць выплачваць пры ўсынаўленні

З 1 студзеня змяняюцца правілы атрымання сямейнага капіталу для шматдзетных сямей. Дапамогу не будуць выдзяляць пры ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. Мінпрацы ўдакладняе, што ў такіх сітуацыях дзяржава і так падтрымлівае сем’і.

Таксама з новага года давядзецца збіраць больш дакументаў, каб скарыстацца магчымасцю патраціць сямейны капітал да таго, як дзіця стане паўналетнім. Якія канкрэтна гэта дакументы, улады пакуль не ўдакладняюць.