Цэны на «сацыяльна значныя тавары» будуць трымаць яшчэ тры месяцы
У Беларусі рэжым стрымлівання росту цэн працягнулі на тры месяцы, паведамляе газета «Белорусы и Рынок»
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі падоўжыла на першы квартал 2022 года рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары.
Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства №79, якая ўступае ў сілу з 1 студзеня 2022 года і дзейнічае на працягу 90 дзён. Яна ўстанаўлівае некаторыя абмежаванні.
Для вытворцаў устанаўліваецца гранічны максімальны нарматыў рэнтабельнасці ў памеры фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі за студзень-лістапад 2021 года або не больш за 10 %, для імпарцёраў — гранічныя максімальныя надбаўкі імпарцёра. Для аптовага і рознічнага гандлю — гранічныя максімальныя аптовыя надбаўкі, гандлёвыя надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі).
"Рэгуляванне цэн накіравана на падтрыманне даступнасці жыццёва важных прадуктаў для насельніцтва", — цытуе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Інтэрфакс.
У пералік сацыяльна значных тавараў уваходзяць рыба і рыбныя кансервы, мяса, мясныя субпрадукты і кансервы, каўбасы, малако, сыр, сметанковае масла, маргарын, алей, яйкі, мука пшанічная, хлеб, макароны, шматкі аўсяныя, рыс, бульба, буракі, морква, капуста, лук, часнык, перац, агуркі, памідоры, яблыкі.