«У вас няма шанцаў». Беларускі акцёр Яўген Смарыгін звярнуўся да расійскіх нападнікаў

Беларускі акцёр, у мінулым гулец каманды КВЗ «ЧП» Яўген Смарыгін, які даўно жыве ва Украіне, выказаўся пра вайну.

smorigin_15.jpg

— Я хачу звярнуцца да тых людзей, якія напалі на Украіну. Ведаеце, мне здаецца, у вас няма ніякіх шанцаў. Дзякуючы вам украінцы настолькі аб'ядналіся ў адзін вялікі кулак — усе людзі, якія раней сварыліся, лаяліся, нават гадамі не размаўлялі, — усё гэта было сцёрта ў адзін момант, усе аб'ядналіся ў адно цэлае.

Акцёр распавёў, што ў крамах цяпер ёсць перабоі з хлебам, таму адпускаюць па тры баханкі ў адны рукі. Але тыя, хто спазняецца, не застаюцца ні з чым — людзі дзеляцца адзін з адным, прапануюць дапамогу ў мясцовых чатах, бясплатна аказваюць нейкія паслугі.

— Вы не ўяўляеце гэты дух аб'яднання... Гэта цудоўная нацыя, цудоўная краіна. І ні ў якога ворага не будзе ні аднаго шанцу перамагчы, гэта вялікія людзі! — падкрэсліў беларус.

Паводле «Салідарнасці».