У Следчы камітэт на допыт выклікалі праваабаронцу Андрэя Палуду

На допыт у Следчы камітэт на 10 гадзін 19 сакавіка выкліканы яшчэ адзін сябра ПЦ «Вясна» — праваабаронца Андрэй Палуда.

paluda_2019_viasna_1.jpg

Допыты праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Андрэй Палуда, які працуе ў «Вясне» з 2007 года, найперш вядомы як каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», прызнаны эксперт у гэтым накірунку як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Ён таксама спрычыніўся да адукацыйных праграм «Школ па правах чалавека» розных узроўняў.

Напярэдадні допыту Андрэя Палуды адзінаццаць міжнародных праваабарончых арганізацый, уключаючы «Amnesty International» выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх улад выконваць свае абавязацельствы паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, спыніць пераследы праваабаронцаў і мірных грамадзянскіх актывістаў і вызваліць зняволеных па палітычных матывах.

Амаль на працягу цэлага тыдня праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны» з розных гарадоў Беларусі следчыя выклікаюць на допыты. Вядомы дзясятак такіх выпадкаў. Выклік Андрэя Палуды, відаць, далёка не апошні ў ланцугу масавага пераследу праваабаронцаў.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

З гэтай нагоды рада праваабарончага цэнтра «Вясна» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцей правоў чалавека і дэмакратыі.

spring96.org