За перформанс лідара гурта «Mister X» Ігара Банцэра асудзілі на паўтара года «хіміі»
Суд Ленінскага раёна Гродна 19 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе музыкі і шоумена Ігара Банцэра. Яго вінавацяць паводле ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»).
Беларускай праваабарончай супольнасцю Ігар Банцэр прызнаны палітычным зняволеным.
Працэс вядзе суддзя Наталля Козел. Пракурор — Віктар Нічыпарук.
Лідара гурта «Mister X» Ігара Банцэра судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня. Ён танчыў у ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуў шорты і застаўся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэкса
Пад вартай Ігар Банцэр знаходзіцца з 20 кастрычніка. На самым пачатку судовага працэсу, 3 сакавіка, ён абвясціў сухую галадоўку.
На папярэднім пасяджэнні 18 сакавіка пракурор прапанаваў пакараць Банцэра паўтара гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову (так званая «хімія»).
Суддзя Наталля Козел раніцай 19 сакавіка вынесла прысуд: паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»)
Таксама суд пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін пяць месяцаў знаходжання пад арыштам, якія лічацца як дзень за два.