У Палаце прадстаўнікоў за заклікі да санкцый прапанавалі пазбаўляць грамадзянства і канфіскоўваць маёмасць

Старшыня Пастаяннай камісіі нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў заявіў, што людзей, якія заклікаюць уводзіць супраць краіны санкцыі, неабходна пазбаўляць грамадзянства.

6a35f2628ac3070b9562ee404e6642eb.jpg

Гэтак Алег Белаконеў выказаўся, каментуючы зацвярджэнне Палатай прадстаўнікоў законапраекта «Аб змене Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», піша «Свабода» са спасылкай на дзяржаўны тэлеканал АНТ.

«Шкода ад тых санкцый, якія сёння ўводзяцца супраць Рэспублікі Беларусь па розных напрамках, у тым ліку і эканамічныя, дастаткова вялікая. Тыя людзі, якія заклікаюць да гэтага, якія не разумеюць, што яны робяць, яны мусяць несці адказнасць. Больш за тое, на мой погляд, артыкулам 361 не абмяжуецца, я думаю, што будзе агульная канфіскацыя маёмасці ў даход дзяржавы, каб неяк спаганяць шкоду, якую нанеслі гэтыя людзі. Ну і, на мой погляд, у тым ліку іх трэба пазбаўляць грамадзянства».

Законапраект «Аб змене Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» быў унесены ў Палату прадстаўнікоў акурат Белаконевым на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі 27 верасня. Яго зацвердзілі ў першым чытанні 4 кастрычніка.

Паводле яго, за «заклікі, накіраваныя на прымяненне захадаў абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб» прапануецца караць абмежаваннем волі на тэрмін да 12 гадоў.

Цяпер зацвердзіць законапраект мусіць Савет Рэспублікі, а затым — Лукашэнка.

Нагадаем, раней чыноўнікі і сам Лукашэнка неаднаразова выказваліся аб тым, што санкцыі не пагоршаць эканоміку Беларусі, паколькі дзяржава нібыта гатовая да такіх выклікаў.

Алег Белаконеў стаў вядомым пасля таго, як прыехаў на развітанне з забітым супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком. Каментуючы перастрэлку, у выніку якой Андрэй Зельцэр у сваёй кватэры перад гібеллю нібыта паспеў забіць спецслужбіста, Белаконеў заявіў, што за смерць аднаго супрацоўніка КДБ трэба «мачыць 20, 100 чалавек».