Польшча гатовая самастойна ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі адказаў у Сэйме на пытанні дэпутатаў аб сітуацыі на польска-беларускай мяжы. Частка з іх тычылася магчымасці пашырэння санкцый супраць уладаў Беларусі.
«Прэзідэнт (Анджэй Дуда – рэд.) прапанаваў неадкладна прыпыніць магчымасць палётаў над еўрапейскім небам тымі авіякампаніямі, якія ажыццяўляюць транспартную акцыю (мігрантаў – рэд.). І мы будзем вельмі старацца», — паведаміў Матэуш Маравецкі, піша Беларускі партызан.
«Учора я казаў пра гэта старшыні Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен, сёння старшыні (Еўрапейскага Савета – рэд.) Шарлю Мішэлю», – дадаў ён.
«Пакуль лідары ЕС падтрымліваюць нас добрым словам. Але я буду пераконваць старшыню Еўрапейскай камісіі Урсулу фон дэр Ляен і старшыню Еўрапейскага Савета Шарля Мішэля зрабіць так, каб дапамога была больш канкрэтнай», — паведаміў Матэуш Маравецкі.