У Мінску далі 15 сутак экскурсаводу, яе затрымалі разам з групай. Вось што кажуць відавочцы
У нядзелю ў Мінску затрымалі экскурсавода падчас экскурсіі. Разам з ёй у судзе Фрунзенскага раёна сёння судзілі і ўдзельнікаў тургрупы.
31 студзеня ў
Мінску затрымалі экскурсавода Аксану Манкевіч, нагадвае TUT.BY. Яна атэставаны гід, працуе як
ІП, на яе сайце сярод экскурсій па Беларусі ёсць і кірунак па гістарычнаму
цэнтру Мінска: ад плошчы Свабоды да праспекта Незалежнасці каля плошчы
Незалежнасці. Прыкладна там групу турыстаў і экскурсавода і затрымалі — каля
гасцініцы «Мінск».
Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна суддзя Наталля Бугук асудзіла па скайпе Аксану Манкевіч на 15 сутак па артыкуле 23.34 КаАП.
У судзе Манкевіч распавяла, што праводзіла экскурсію: спачатку ў ёй бралі ўдзел 11 чалавек, на момант затрымання іх было 7. Гід хадайнічала, каб ля гасцініцы «Мінск» і Ратушы запыталі запісы з камер відэаназірання. Суддзя адмовіла.
Суддзя зачытала
пратакол, з якім экскурсавод не згодная. Нібыта Манкевіч прымала ўдзел у
мерапрыемстве, на якое Мінгарвыканкам дазволу не выдаваў. Да пратаколу прыклалі
скрыншот з телеграм-канала — суддзя не назвала якога. У паведамленні былі заклікі
прыйсці на рэпетыцыю маршу перад УНС у цэнтры горада з 14 да 15 гадзін па
маршруце ад гасцініцы «Мінск» да стэлы без пэўнай кропкі збору. Манкевіч
і групу затрымалі а 15.15.
Экскурсавод сябе
вінаватай не прызнала.
Удзельніца
экскурсіі: «Перад гэтым амапаўцы выйшлі і пераканаліся, што нам распавядаюць
праграму»
Мінчанка Яўгенія расказвае: у нядзелю днём трапіла на бясплатную экскурсію Манкевіч, даведаўшыся пра яе з інстаграма.
Кажа, што ішлі па
маршруце ад плошчы Свабоды, экскурсавод распавядала пра гісторыю старога Мінска
і развіццё горада. На экскурсіі замежнікаў не было.
— Выйшлі на
праспект: там у нас быў пункт экскурсіі — паспрабаваць пірожнае «Мара» ва
ўніверсаме «Цэнтральны». Далей мы пайшлі ў бок Чырвонага Касцёла, але не
дайшлі, бо нас затрымалі. Хоць у нас нічога такога не было — ніякіх чырвоных
шапак, мы нічым не размахвалі, нічога не выкрыквалі. У гіда быў бэйдж. Да
гэтага спыняўся мікрааўтобус з АМАПам, яны выйшлі і паслухалі, што адбываецца ў
двух метрах ад гіда. Пераканаліся, што нам распавядаюць праграму, — і пакінулі
нас у спакоі, — кажа Яўгенія.
Дзяўчына не
лічыла, колькі было людзей. Кажа, што да 12. Некалькі чалавек далучыліся ў
шляху, потым сышлі. Каля гасцініцы «Мінск» спыніўся яшчэ адзін
аўтобус з сілавікамі. Са слоў Яўгеніі, пры затрыманні экскурсавод паказала
бэйдж і патлумачыла супрацоўнікам, што ён проста так не выдаецца, а тут —
экскурсія, але ўсіх пасадзілі і павезлі ў Фрунзенскае РУУС.
— У аўтобусе былі
і іншыя затрыманыя: дзяўчынка, якая міма ішла, іншагароднія бацька з сынам,
якія спачатку сядзелі ў «МакДональдсе», а потым збіраліся рухацца на
вакзал на электрычку, і іх у гэты час затрымалі.
Ноч Яўгенія правяла ў ІЧУ на Акрэсціна, у яе двое маленькіх дзяцей, з імі ўвесь гэты час
быў муж.
— На Акрэсціна мы
спалі на жалезных прутах, без матрацаў. Хтосьці спаў на лаве, хтосьці — на стале,
хтосьці не мог спаць. Нас было 15 у чатырохмясцовай камеры.
1 лютага над
Яўгеніяй прайшоў суд, ёй прызначылі штраф у 30 базавых велічынь (870 рублёў).
Затрыманай паставілі несанкцыянаваны мітынг, абвінавацілі па артыкуле 23.34
КаАП. Па словах суразмоўніцы, яе палічылі вінаватай.
— У РУУС гід
паказала ўсе дакументы, патлумачыла, што не трэба рэгістраваць мерапрыемствы
такога кшталту, а бясплатныя экскурсіі праводзяцца для рэкламы. Да нашых спраў быў
прыкладзены скрыншот з мэсэнджара, дзе было паведамленне аб тым, што будзе
праводзіцца мітынг, людзі павінны быць у масках і без сімволікі. У мяне тэлефон просты, у ім нават камеры няма — я заявіла на судзе, што ў мяне не магло быць
такога паведамлення. Міліцыя нібыта зрабіла запыт, што гэта было
несанкцыянаванае мерапрыемства, — кажа Яўгенія.
Як паведамляе
тэлеграм-канал «Вясна назірае», яшчэ адну ўдзельніцу экскурсіі, у
якой ёсць дзіця, аштрафавалі на 30 базавых. Іншую ўдзельніцу за экскурсію
асудзілі на 15 сутак.
Паводле news.tut.by