«Хутка не будзе ў каго лячыцца нават па знаёмстве». 31 студзеня ў Мінску затрымалі вядомых дактароў

31 студзеня ў цэнтры Мінску было затрымана не менш за 6 лекараў. Сярод іх — загадчыца аддзялення прамянёвай дыягностыкі РНПЦ «Кардыялогія», вядучы хіміятэрапеўт Мінскага гарадзкога кансультацыйнага анкадыспансэру, анэстэзіёлаг РНПЦ дзіцячай хірургіі. Ці выпадковыя масавыя затрыманні медыкаў? — высвятляла «Свабода».

Адна з затрыманых лекарак Таццяна Ільіна

Адна з затрыманых лекарак Таццяна Ільіна

«За некалькі гадоў працы ў маладога анколага з'явіліся сівыя валасы»

31-гадовы доктар-анколаг Дзмітрый Буралкін ноч правёў на Акрэсціна, цяпер чакае суду.

Пасля Мінскага мэдунівэрсітэту Дзмітрыя размеркавалі ў Мінскі гарадзкі анкалгічны дыспансер. І адразу яму даверылі працаваць з вельмі цяжкімі хворымі — на кансультацыйным прыёме, кажа былая калега доктара Таццяна Гінько.

«Дзмітрый такі працаголік! З раніцы да ночы вёў прыём. Прыйшоў хлопчыкам-выдатнікам і вельмі хутка пасталеў, адразу стаў дарослым і сур’ёзным чалавекам, які не «выгараў» на такой цяжкай і адказнай працы, а застаўся ў гэтай прафесіі. Праўда, за некалькі гадоў працы ў маладога анколага з'явіліся сівыя валасы.

Многія проста не вытрымлівалі ў гэтым цяжкім кансультацыйным аддзяленні, хутка сыходзілі з анкалогіі ці з медыцыны наогул. А ён застаўся, хоць адпрацаваў сваё размеркаваньне пасля вучобы на бюджэце. Хоць мог, атрымаўшы катэгорыю, знайсці сабе лягчэйшы хлеб. Над ім нават іранізавалі калегі, маўляў, з такім добрасумленным і адказным стаўленнем на табе будуць ездзіць. Ён не можа прайсці міма чалавека, якому дрэнна», — кажа Таццяна Гінько.

У Дзмітрыя заўсёды была грамадзянская пазіцыя, згадваюць знаёмыя. Ён удзельнічаў у відэазвароце медыкаў супраць гвалту, у відэазвароце ў міжнародныя спартовыя арганізацыі разам з баскетбалісткай Аленай Леўчанкай супраць правядзення ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі.

«Адказна ставіўся да ўсяго, не баяўся «неадабрэння» з боку кіраўніцтва за сваю грамадзянскую пазіцыю. У яго гэта ўнутраная патрэбнасць справядлівасці.

Дзмітрый па ўзросце такі, як мае дзеці. І настолькі мне было прыемна, што ёсць яшчэ сярод маладога пакалення такія разумныя, добрасумленныя, адказныя маладыя лекары! Нядаўна Дзмітрый асвоіў яшчэ адну спэцыялізацыю — хіміятэрапію, гэта таксама цяжкая праца.

Ёсць надзея, што нам, нашым родным будзе ў каго лячыцца. Але калі такіх людзей будуць выціскаць і з медыцыны, і наогул з краіны, дэмаралізаваць, то нам хутка рэальна не будзе ў каго лячыцца нават па знаёмстве», — разважае доктарка Таццяна Гінько.

«Калі такіх адмыслоўцаў затрымліваюць, не ведаю, хто будзе лячыць людзей»

У нядзелю затрымалі загадчыцу аддзялення прамянёвай дыягностыкі РНПЦ «Кардыялогія» Таццяну Ільіну. Яна — доктар вышэйшай катэгорыі. На выбарах была назіральніцай. Таццяну Ільіну трымалі ў Маскоўскім РУУСе. У доктаркі трое дзяцей, яе пакуль адпусцілі.

«Па словах сакурснікаў, Таццяна была легендай — як студэнтка, як малады доктар. Ад выпускніцы вельмі хутка вырасла ў высокакваліфікаванага спецыяліста, авалодала самымі сучаснымі метадамі, — расказвае сяброўка і калега Ільіной. — Мы з ёй разам працавалі шмат гадоў у дыягнастычным цэнтры Мінскага гарадзкога анкадыспансеру, і калі я перайшла ў РНПЦ «Кардыялогія», вельмі ўзрадавалася, што Ільіна працуе тут».

Жанчына кажа, што Ільіна валодае шэрагам спэцыялізацый — хірургічнай, рэнтгеналагічнай, ультрагукавой дыягностыкай.

«Чалавек настолькі шматгранны, таленавіты, незвычайны ў плане працаздольнасці і пасьпяховасці! І пры гэтым яна яшчэ маці траіх дзетак. Вельмі добры, светлы, добразычлівы чалавек.

Мы нават з дзяўчатамі сфатаграфаваліся ў яе падтрымку», — кажа калега.

Калегі вельмі ўзрадаваліся, што Таццяну Ільіну пакуль адпусцілі. Але сітуацыя з затрыманнямі медыкаў і жорсткімі пакараннямі іх вельмі абурае.

«Каб падрыхтаваць спецыяліста такога ўзроўню, як Таццяна Ільіна, патрэбныя дзесяцігоддзі. Калі такіх адмыслоўцаў затрымліваюць, я не ведаю, хто будзе лячыць людзей», — абураецца доктарка.

«Рэпрэсіўная машына працуе па прынцыпе «незаменных людзей няма»

У нядзелю затрымалі лекара-анэстэзіёлага РНПЦ дзіцячай хірургіі Святлану Лазараву разам з мужам Віталём. Іх доўга трымалі ў Ленінскім РУУСе. Пакуль таксама адпусцілі.

Калега Святланы, анэстэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі Віктар Лагацкі ўзгадвае, што гэта не першы выпадак затрымання дактароў з ягонага РНПЦ. У кастрычніку затрымлівалі вядучага анэстэзіёлага Мікалая Бручкоўскага, прысудзілі штраф — тады яшчэ медыкаў штрафавалі, а не саджалі на суткі.

«А што даюць такія вялікія тэрміны дактарам — усё стала больш жорсткім, брутальным, машына «рубіць», — мяркуе доктар Лагацкі. — Рэпрэсіўная машына працуе па прынцыпе «незаменных людзей няма». Магчыма, чыноўнікі думаюць, што для іх лячэння ёсць адмысловая ўстанова ў Мінздароўя — так званая лечкамісія. Дарэчы, ніводнага практыкуючага доктара адтуль не затрымлівалі і не звольнілі (адзін на самым пачатку пратэстаў сам сышоў)».

Анэстэзіёлаг Віктар Лагацкі не думае, што ідзе адмысловае паляванне на дактароў.

«Проста ў нас шмат медыкаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, і яны пападаюцца разам з астатнімі актыўнымі людзьмі.

У Расіі Маргарыта Сіманьян пракаментавала: «Ну падумаеш, мінус адна жанчына» (якую АМАПавец ударыў у жывот). Так і ў нас: падумаеш, мінус дзясятак дактароў, якіх пасадзяць на суткі! У дзяржаве прававы нігілізм», — перакананы анэстэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі Віктар Лагацкі.