У Курапатах пазначаны аб'екты гістарычнай тапаграфіі
У Курапатах 25 чэрвеня была завершана серыя летніх талокаў па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі ўрочышча.
У
талацы, арганізаванай грамадскай
ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” пры падтрымцы “Маладога Фронту”,
удзельнічалі іхныя актывісты, а таксама сябры КХП-БНФ і ветэраны беларускага
нацыянальнага адраджэння.
Падчас талакі былі пазначаныя такія аб’екты гістарычнай тапаграфіі месца масавай згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму 1930–1950-х гадоў, як былое месца пачатку грунтавога ўчастку “Дарогі смерці” на полі паміж Курапатамі і “Экспабелам”, а таксама месцы ў паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім кутах, дзе былы плот выгароджваў расстрэльны палігон ва ўрочышчы ў 1937–1941 гадах. На нашае меркаванне, у гэтых кропках мажліва знаходзіліся такія важныя для спецслужбаў аб’екты аховы месца расстрэлаў, як назіральныя вышкі.
Апроч таго, грамадскія актывісты даводзілі да ладу і палолі кветнікі, разбітыя раней, чысцілі Народны мемарыял ад смецця і сухога галля, зносілі да дарогаў распілаваныя дрэвы.
Нагадаем, што серыя летніх талокаў па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў пачалася 20 мая.