У нядзелю — заключная талака ў Курапатах
25 чэрвеня, адбудзецца заключная з летніх талокаў у Курапатах, прысвечаных пазначэнню на мясцовасці абʼектаў гістарычнай тапаграфіі.
Падчас талакі плануецца завяршыць пазначэнне палявога ўчастку «Дарогі смерці» ў полі на ўсход ад урочышча, а таксама двух месцаў, дзе раней знаходзіліся абʼекты аховы расстрэльнага палігону.
На папярэдніх талоках валанцёры пазначалі створ варотаў у плоце, які абгароджваў расстрэльны палігон. Праз гэтыя вароты ў Курапацкі лес заяжджалі машыны НКВД з вязнямі. Таксама пасадзілі кветкі на двух месцах расстрэлаў — каля пахавання з трыма вядомымі ахвярамі і каля самага вялікага пахавання ва ўрочышчы.
Талокі ў народным мемарыяле памяці ахвяраў сталінізму праводзяць супольна грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» і «Малады фронт», далучаюцца ўсе ахвочыя.
Збор на Курапацкай Галгофе а 12:00.