У Калінкавічах забаранілі продаж алкаголю ў сувязі з... Днём маці

Калінкавіцкі райвыканкам не давяра тамтэйшым матулям, абмяжоўваючы продаж алкаголю ў Дзень маці. Пра гэта сведчаць фота аб’яваў, якія вывешаныя ў гандлёвых прадпрыемствах горада, што даслалі ў рэдакцыю Палескай Вясны чытачкі.

file_447.jpg


«Мы абураныя стаўленнем нашай мясцовай улады да жанчын і да маці! Яны што – лічаць нас алкашкамі, што забараняюць у Дзень маці гандляваць спіртным і паведамляюць пра гэта ў кожнай краме? Лічаць, што мы зараз кінемся скупляць гарэлку скрынямі, каб адзначыць гэтае свята? Чаму на 23 лютага, ці на Сусветны дзень мужчын, ці на Дзень бацькі (існуе і такое міжнароднае свята – ПВ) не забараняюць? Нават на Дзень дэсантніка, калі гэтыя “блакітныя бярэты” соўкаюцца па горадзе п’яныя, ніхто не забараняе продаж спіртнога», – наракаюць жанчыны.
Як высветліла Палеская Вясна, рашэнне № 412 «Аб абмежаванні часу продажу алкагольных напояў на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна» мясцовы выканкам прыняў яшчэ 29 красавіка 2019 года. 14 траўня яно было апублікавана на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале. І ў ім калінкавіцкія ўлады распісалі некалькі дзён, калі ў раёне не прадаецца алкаголь. Прычым гэта, як яны пішуць, робіцца «ў сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, барацьбу з імі» і прымеркавана да пэўнае даты.
Такімі датамі вызначаныя з 8 гадзіны раніцы 30 траўня да 8 раніцы 31 траўня (у сувязі са сканчэннем навучальнага года), з 8 раніцы 8 чэрвеня па 8 раніцы 9 чэрвеня (у сувязі з правядзеннем выпускных вечарынаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, праўда тут ужо без прапаганды і папулярызацыі здаровага ладу жыцця і барацьбы з п’янствам і алкагалізмам), з 8 раніцы 1 верасня па 8 раніцы 2 верасня (прымеркавана да Дня ведаў), з 8 раніцы 14 кастрычніка па 8 раніцы 15 кастрычніка (прымеркавана да Дня маці). Розныя «мужчынскія» дні, у спісе адсутнічаюць. То-бок, прадметам адмысловага клопату мясцовай улады сталі толькі школьнікі і жанчыны-маці. Хто такім рашэннем больш дыскрымінуецца – жанчыны ці мужчыны, нават цяжка вызначыць.
Праўда, калінкаўцы не прыгадалі правядзення ў акрэсленыя даты, якія ўжо мінулі, нейкіх мерапрыемстваў, скіраваных на гэтую самую прапаганду і папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Акрамя, прыкрытых чым-небудзь вітрынаў са спіртным.
І такі спосаб барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва мясцовая ўлада, відаць, лічыць дзейсным. У той жа час, астатнія 361 дзень у годзе, у Калінкавіцкім раёне, мабыць, здаровы лад жыцця не прапагандуюць і з п’янствам і алкагалізмам не змагаюцца. А стэлажы з алкагольнымі вырабамі стаяць у кожнай мясцовай краме, якая мае ліцэнзію на гандаль імі, на самых бачных месцах, такім чынам, што прамінуць іх шмат у якіх выпадках немагчыма. Прыбраць стэлажы з віном, гарэлкай, каньякамі і півам з самых заўважных месцаў мясцовым кіраўнікам, мабыць, не дазваляе звычайны камерцыйны разлік – чым болей гандлёвыя арганізацыі нагандлююць на алкаголі, тым болей падаткаў прыйдзе ў мясцовы бюджэт. І барацьба з п'янствам і алкагалізмам у гэтым выбары, хутчэй за ўсё, сыходзіць на другі план.