У Чэхіі затрымалі беларуса, які перавозіў у фургоне 33 мігрантаў. Што абурыла чэхаў?
У Чэхіі затрымалі 33-гадовага грамадзяніна Беларусі, які перавозіў у мікрааўтобусе 33 нелегальных мігрантаў. Цяпер яму пагражае да 8 гадоў турмы. Але што ў гэтай гісторыі абурыла чэхаў?
Пра затрыманне
беларуса паведаміў
партал novinky.cz
са спасылкай на чэшскую паліцыю.
Адзначаецца, што замест паддонаў з таварам беларус памясціў у фургон аўтамабіля «Фольксваген Крафтэр» 33 мігрантаў з краін Усходу. За гэта кіроўцу затрымалі, яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка паліцыі Высочыны Дана Чырткова, дзе былі выяўленыя мігранты.
Сярод 33 мігрантаў, якія былі «заштурханыя» ў фургон, удакладняе выданне, знаходзілася маці з трыма дзецьмі.
Аўтамабіль быў спынены для надгляду супрацоўнікамі мабільнага падраздзялення ўпраўлення службы замежнай паліцыі ў аўторак, 26 верасня, каля паловы пятага дня на 145-м кіламетры трасы D1 па кірунку да Прагі.
«Паліцыя затрымала ўсіх мігрантаў і даставіла ў аддзяленне замежнай паліцыі ў Йіглаве. Паколькі ў гэтых асоб не было пры сабе ніякіх дакументаў, якія давалі б ім права знаходжання на тэрыторыі Чэхіі, пасля правядзення неабходных працэдур ідэнтыфікацыі яны ўзялі на сябе выязныя ордэры, якія абавязваюць іх пакінуць тэрыторыю Чэхіі на працягу сямі дзён», — сказала прадстаўніца паліцыі.
Адзіным, каго не вызвалілі пасля затрымання, аказаўся беларускі кіроўца. На яго завялі крымінальную справу, аўтамабіль таксама арыштаваны.
Паведамляецца, што беларуса змясцілі ў ізалятар паліцыі ў якасці падазраванага, дзе з удзелам перакладчыка яму было прад'яўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства па арганізацыі і садзейнічанні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы.
«Улічваючы колькасць перавезеных асоб, якіх у літаральна нечалавечых умовах запіхнулі ў грузавы адсек, гэта дзеянне разглядаецца больш строга, і кантрабандысту пагражае турэмнае зняволенне на тэрмін да васьмі гадоў», — распавяла прадстаўнік паліцыі.
Адметна, што ў каментарах да артыкула карыстальнікі
абурыліся тым, што мігрантаў пасля затрымання вызвалілі з прадпісаннем пакінуць
тэрыторыю Чэхіі цягам сямі дзён. Чытачы выдання пішуць, што замежнікі, не маючы
візаў і, меркавана, дастатковых сродкаў, нікуды з Еўрасаюза не з’едуць, а
проста адправяцца ў якую-небудзь іншую еўрапейскую краіну, то-бок дасягнуць
сваёй мэты па перасяленні ў ЕС. Пры такім падыходзе, на думку карыстальнікаў,
супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі прыносіць невялікі плён.