«Зялёная мяжа» Агнешкі Холанд — мастацкае выказванне ці палітычны праект?
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на budzma.org расказвае, якая задума была ў знакамітай польскай рэжысёркі, што атрымалася ў выніку, чаму фільм успрынялі неадназначна і якая альтэрнатыва ёсць для беларускага гледача.
Моц эміграцыі — у яе здольнасці падкідваць нам неспадзяваныя ўрокі жыцця
Калі беларускія аўтары ратаваліся ад рэпрэсій у Польшчы, мала хто з іх чакаў, што мясцовыя ўлады, хай пакуль што далёкія ад усіх метадаў лукашэнкаўскага аўтарытарызму, таксама своеасабліва зразумеюць права на аўтарскае выказванне.
Як успрынялі «Зялёную мяжу»
Наяўную ў Польшчы палітычную цэнзуру на ўласным прыкладзе прадэманстравала знаная рэжысёрка Агнешка Холанд. Яе псіхалагічная драма «Зялёная мяжа», прысвечаная распачатаму ў 2021 годзе эмігранцкаму крызісу на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза, аказалася аб’ектам жорсткіх дэбатаў задоўга да выхаду.
З аднаго боку, аўтарку падтрымала замежная мастацкая супольнасць на Венецыянскім кінафестывалі, дзе стужка атрымала спецыяльны прыз журы і яшчэ некалькі ўзнагарод. З іншага, прадстаўнікі праўладнай партыі «Права і справядлівасць» абвінавацілі польскую кінематаграфістку ў гебельсаўскай прапагандзе, жаданні зганьбіць імідж памежнай службы радзімы і мностве іншых смяротных грахоў.
Пасля выхаду фільма ў польскі пракат стала зразумела, што «Зялёная мяжа» сапраўды існуе на памежжы паміж палітычным памфлетам і бескампрамісным мастацкім творам. І гэтым двум абліччам цесна ў адным творы.
Што насамрэч цікавіць Холанд
Але калі вы беларускі глядач «Зялёнай мяжы» — выдыхайце. Нічога асабліва новага пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы фільм не раскажа. Ён тут даецца вельмі павярхоўна, без тлумачэння кантэксту. Так, Холанд словамі адной з гераінь ураўнаважвае крызіс з эмігрантамі ў Паўднёвай Еўропе і Усходняй, але гэта, мякка кажучы, не так. У беларуска-польскага канфлікту штучная прырода, ён быў распачаты, каб дэстабілізаваць і дыскрэдытаваць Еўрасаюз. Але акрамя рэплік, што гэта гібрыдная вайна, а мігранты «не людзі, а снарады Пуціна і Лукашэнкі», якія сцэнарысты ўкладаюць у вусны жорсткага кіраўніка польскай памежнай службы, тут больш нічога пра гэта няма.
Холанд цікавяць зусім не акалічнасці крызісу, праз што і як ён стаў магчымы, а зусім іншыя рэчы. Яго гуманітарнае вымярэнне, шчыры шавінізм, уплыў на польскае грамадства і характары людзей, уцягнутых у гэта жудаснае супрацьстаянне. А яшчэ — хто вінаваты і што рабіць.
Каб даць адказы на ўсе гэтыя пытанні, аўтарка абрала для аповеду форму мадэрнісцкага кінарамана, які ўвасабляе ў сабе ажно некалькі іпастасяў і самастойных гісторый, аб’яднаных адной эмігранцкай тэмай.
Ад кінапубліцыстыкі да псіхалагічнай драмы
Пачынаецца «Зялёная мяжа» з эмацыйна зараджанай кінапубліцыстыкі. Яе героямі становяцца некалькі сем’яў і адзінокіх людзей з Блізкага Усходу і Афрыкі, якія наўпрост з аэрапорта «Мінск» трапляюць у жудасныя ўмовы дзікага ляснога памежжа. Ва ўсіх іх ёсць жаданне трапіць у Еўрасаюз (у Швецыю да брата ці атрымаць прытулак у Польшчы), але кошт мары акажацца непамерным. З безабароннымі персанажамі на экране адбываецца ўсё самае дрэннае, што можна сабе ўявіць: збітыя ў кроў ногі, ахалоджанне арганізму, голад, гібель дзіцёнка ў багне, выкідышы, здзекі з боку сілавікоў Польшчы і Беларусі.
Аўтары праводзяць людзей праз пякельную адысею, каб высекчы з душ гледачоў іскры суперажывання і эмпатыі. І тое ім удаецца, нягледзячы на ўсю маніпулятыўнасць такога падыходу.
Пасля гуманітарнага плаката пра эмігрантаў аповед пераходзіць да псіхалагічнай драмы пра выпрабаванне характараў, увасобленай у найлепшых традыцыях польскага «кіно маральнага непакою», з якога і пачалася творчасць рэжысёркі.
Найбольш дасканалая частка «Зялёнай мяжы»
Стужка пераходзіць на польскае вымярэнне крызісу. Рэжысёрку цікавіць стаўленне да канфлікту палякаў: работніка памежнай заставы і яго цяжарнай жонкі, палітычных актывістаў-праваабаронцаў і выпадковай псіхалагіні Юліі, якая ўцягваецца ў працэс выратавання людзей ад дэпартацыі ў Беларусь. Аўтарка назірае за трансфармацыяй іх характараў у стрэсавай сітуацыі, спрабуе выявіць у іх гуманізм — і знаходзіць яго. Гэтая частка «Зялёнай мяжы» найбольш дасканала зроблена.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Аўтары перыядычна звяртаюцца да прамой крытыкі партыі «Права і справядлівасць» і іх жорсткай міграцыйнай палітыкі. Тут такіх сцэн няшмат, але тыя, што ёсць, адназначна дазваляюць сказаць пра палітычную зараджанасць карціны, якая трапіла ў пракат акурат пад электаральную кампанію ў польскі Сейм. Што пры гэтым ніяк не апраўдвае публічнае цкаванне «пісаўцамі» Холанд за яе грамадзянскую пазіцыю.
Што атрымалася ў выніку
Па выніку «Зялёная мяжа» пакідае пасля сябе цэлы спектр супярэчлівых эмоцый. У Холанд сапраўды атрымалася стоадсоткава гуманістычнае кіно, у якім яна, як і трэба ўплывоваму мастаку, выступае на баку безабаронных людзей, лёс якіх фактычна апынуўся паміж молатам і кавадлам.
Але гэта шчырае выказванне абцяжарвае складаны наратыў, які збівае гледача з панталыку. Ты глядзіш адначасова і фільм жахаў, і сацыяльна-гуманістычны маніфест для польскага грамадства, і шматфігурную драму пра выпрабаванне характараў. Ёсць месца нават для смешных кпінаў пра дрэнную ўладу.
Фактычна тры сюжэтныя лініі хутчэй не ствараюць шматгранны аповед, а расфакусіроўваюць увагу гледача, не дазваляюць паўнавартасна суперажываць усім персанажам, якія патрапілі ў гэтую гісторыю і пастаўлены кожны перад сваім цяжкім выпрабаваннем. Простая думка пра гуманізм і раўнапраўнае стаўленне да чалавека, незалежна ад колеру яго скуры, рэлігіі і грамадзянства, патанае ў аўтарскім жаданні ахапіць як мага больш аспектаў няпростай тэмы бежанства.
У палкім жаданні расказаць пра каштоўнаснае паражэнне Польшчы і Еўрапейскага саюза ў сутыкненні з усходнееўрапейскім аўтарытарызмам аўтарка ідзе па шляху спрашчэння канфлікту і наўмыснага згушчэння фарбаў. Беларусь тут увасоблена як філіял пекла, дзе дзяржава ў выглядзе сілавікоў у балаклавах прагне толькі здзекаў, гвалтавання і рабаўніцтва вымушаных эмігрантаў. І з гэтым немагчыма спрачацца, чытаючы стужкі навін незалежных медыя.
Што паглядзець як альтэрнатыву
Але ёсць больш узважаны і блізкі для айчыннай аўдыторыі погляд на міграцыйны крызіс. Дакументальны фільм «І зноў Беларусь» ананімнага беларускага кінематаграфіста прасочвае ўвесь шлях бежанцаў з Усходу, якія прыляцелі сюды ў пошуках еўрапейскай мары. Гэтая праца акажацца куды больш шчырай і зразумелай нам, чым наратывы «Зялёнай мяжы» Агнешкі Холанд.