У ЕС прапануюць «пакараць Беларусь, каб прымусіць Расію спыніць вайну»
Выданне «EUObserver» размясціла ў сябе артыкул з заклікам да ўвядзення датычна Беларусі «санкцый, аналагічных расійскім». І ў некаторых пунктах складваецца ўражанне, што калумніст праспаў апошнія гады.
У гэтым годзе Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай Расіі па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай за іх дачыненне да расійскага ўварвання ва Украіну.
Міжнародны крымінальны суд заявіў, што Пуцін «нясе індывідуальную крымінальную адказнасць» за ваеннае злачынства, якое заключаецца ў незаконнай дэпартацыі і перадачы ўкраінскіх дзяцей з Украіны ў Расію. Аналагічным чынам, МУС абвясціў, што Львова-Бялова таксама нясе адказнасць за прымусовую дэпартацыю і перадачу ўкраінскіх дзяцей з Украіны ў Расію.
Паколькі міжнародная супольнасць працягвае расследаваць гэтыя дзеянні і асуджае ўварванне Расіі ва Украіну, свет таксама павінен прыцягнуць да адказнасці іншых асоб.
Напрыклад, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павінен быць пакараны за свой удзел у вайне з Расіяй.
У мінулым месяцы Чырвоны Крыж у Беларусі зрабіў шакавальную заяву: няўрадавая арганізацыя была датычная да прымусовай перадачы і перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. Арганізацыя публічна прызнала, што яна «актыўна ўдзельнічала ў дастаўцы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй раёнаў [ва Украіне] у Беларусь».
Гэта выкрыццё абурыла многіх парламентарыяў у Еўропе, і некаторыя з іх нават заклікалі МУС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Нядаўна Еўрапейскі парламент выступіў з заявай, у якой выказаў занепакоенасць адносна «падпарадкавання Беларусі Расіі».
«Беларусь нясе адказнасць за шкоду, нанесеную Украіне, і злачынствы, учыненыя ва Украіне», — гаворыцца ў заяве. Дзяржавы-чальцы і структуры ЕС «павінны распачаць усе неабходныя крокі на міжнародным узроўні, каб забяспечыць магчымасць крымінальнага пераследу тых беларускіх палітычных і вайсковых лідараў, якія адказныя за злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд [ва Украіне]».
Паколькі МУС раней выдаў ордэры на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай, дэпутаты Еўрапарламента дадаткова заклікалі МУС «разгледзець аналагічны ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі».
Беларускі кіраўнік раней заяўляў пра сваю невінаватасць, але яму нікога не ўдалося абдурыць. Шырока вядома, наколькі актыўна ён удзельнічае ў вайне разам з Расіяй.
Калі пачалася вайна, Лукашэнка даў Пуціну дазвол на ўвод расійскіх вайскоўцаў у Беларусь. У краіне былі размешчаны тысячы расійцаў, якія першапачаткова выкарыстоўвалі Беларусь у якасці плацдарма для ўварвання на поўнач Украіны. Лукашэнка таксама дазволіў Расіі перавозіць расійскае абароннае абсталяванне і ваенную тэхніку ў Беларусь для выкарыстання ва Украіне. Беларусь таксама пастаўляла Расіі тавары для вайны. Нарэшце, Расія нанесла ракетныя і паветраныя ўдары па Украіне з беларускай тэрыторыі, і гэты акт быў ухвалены Лукашэнкам.
Іншымі словамі, у той час як Беларусь не накіроўвала свае ўласныя войскі для ўдзелу ў вайне Расіі ва Украіне, краіна была актыўна ўцягнута ў ваенныя дзеянні. У выніку Беларусь павінна быць пакарана за свой удзел у вайне.
Што можа зрабіць свет, каб пакараць Беларусь?
Па-першае, міжнародная супольнасць магла б увесці строгія санкцыі ў дачыненні да Беларусі, аналагічныя тым, што яна ўвяла для Расіі. Напрыклад, некалькі расійскіх камерцыйных рэйсаў і турыстычных аперацый былі адменены ў заходніх краінах. Расійскім суднам таксама быў забаронены заход у парты многіх заходніх гарадоў. Калі б сусветная супольнасць увяла аналагічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, гэта негатыўна адбілася б на беларускім бізнесе і беларускім турызме.
Па-другое, Беларусь павінна быць выключана з міжнародных арганізацый. Напрыклад, калі пачалася вайна, Расіі было забаронена ўдзельнічаць у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Расія таксама была выключана з Рады ААН па правах чалавека. ПАРЕ распачала аналагічныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі, некаторыя арганізацыі прыпынілі дзейнасць у Беларусі, але іншыя міжнародныя арганізацыі таксама павінны пераняць гэту практыку. Гэта ізалявала б Беларусь ад міжнароднай супольнасці.
Нарэшце, міжнародная супольнасць павінна нацэліцца на беларускую эканоміку. Напрыклад, многія краіны замарозілі і наклалі арышт на актывы расійскіх алігархаў.
Некалькі расійскіх банкаў таксама былі адключаны ад SWIFT — міжнароднай банкаўскай сістэмы абмену паведамленнямі. Сусветнай супольнасці варта разгледзець магчымасць прымянення аналагічных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. Гэта прымусіла б беларускія ўлады пераасэнсаваць сваю падтрымку Расіі.
У цэлым, пакуль свет працягвае аказваць ціск на Расію з-за вайны, уварванне працягваецца — і канца яму не бачна. Мы павіннны выкарыстоўваць іншыя метады пакарання, паколькі цяперашнія метады не прымусілі Расію спыніць сваю вайну.
Беларусь была і застаецца адным з найбуйнейшых саюзнікаў і пастаўшчыкоў Расіі, і аказанне ціску на Беларусь можа прымусіць беларусаў пераасэнсаваць свой удзел ва ўварванні. Гэта магло б стаць альтэрнатыўным варыянтам, каб прымусіць Расію спыніць сваю вайну.