У цішыні, але не ў крыўдзе. Як гарадзенка выхоўвае глухога ад нараджэння сабаку
Маленькага спаніэля Каця Шобат атрымала ў падарунак ад сябра. Праз пару дзён стала зразумела – шчанюк нічога не чуе. У поўнай цішыні сабачай глухаты павісла пытанне — як быць далей? Адказ на яго мог даць толькі голас сэрца.
«Гэта меў быць сюрпрыз»
«Па дакументах сабаку завуць Сага, а ў жыцці мы называем яе Сашка, — распавядае Каця пад час шпацыру, — Яе мне падарыў сябар».
Шчанюк меў добрую радаслоўную і выглядаў выдатна. Раней у Каці таксама былі сабакі, але заводзіць новага гадаванца яна не наважвалася. Жыццё ў сабак не такое доўгае, перажыць растанне з апошнім сабакам было цяжка.
«Гэты падарунак меў быць сюрпрызам», — узгадвае дзяўчына.
Праз колькі дзён Каця заўважыва, што шчанюк не адгукаецца на імя, а на вуліцы ўвесь час «ходзіць за нагамі». Але на пачатку спісала гэта на малы ўзрост і недасведчанасць. Дакладна стала ясна, што сабака не чуе, калі паляўнічыя прапанавалі праверыць рэакцыю на стрэл.
Рускія спаніэлі — паляўнічыя сабакі. Для іх выхавання і дрэсуры такія рэчы важна ведаць. Сага-Сашка на стрэл не рэагавала ніяк — ні зблізу, ні здалёк. Не пачуў сабака нават ультрагукавага свістка. Ад гэтага моманту сумневаў больш не было — жыццё сабакі пройдзе ў поўнай цішыні.
«Стрэс, шок і паніка»
«Гэта былі стрэс, шок і паніка», — узгадвае той час Каця.
Пытанне аб тым, каб пазбавіцца ад шчанюка, не ўзнікала і не разглядалася. Але трэба было думаць, як выхоўваць сабаку і трымаць сябе з ім, каб не ператварыць жыццё ў суцэльнае трыванне: «Як зрабіць, каб ёй было максімальна камфортна, каб яна не стала дзікай ці агрэсіўнай, каб не замкнулася ў адзіноце, змагла адаптавацца да людзей…».
Каця шукала парады ў сеціве, раілася з сябрамі і спецыялістамі. Галоўная выснова: трэба як мага больш выводзіць сабаку «ў свет», напрацоўваць досвед кантактаў з людзьмі і навакольным асяроддзем.
«Ад той пары і павялося, што мы амаль увесь час разам і на людзях».
Гладзіць можна!
«Сашка стала сабакам, каторага ўсім можна гладзіць», — усміхаецца Каця. Асаблівую радасць гэта выклікае, канечне, у дзяцей: ім заўсёды цікава памацаць вушкі, патрымаць за лапу ці нават дакрануцца да носа. Для Сашкі гэта таксама карысна: у глухога сабакі нашмат менш магчымасцяў камунікацыі са светам, таму ён увесь час шукае візуальнага або такцільнага кантакту. Дабрадушнасць сабакі таксама ў пэўным сэнсе наступства фізічнай глухаты.
«У яе менш знешніх раздражняльнікаў, таму яна не агрэсіўная», — разважае Каця і смяецца, што за гэты час стала «сабачым псіхолагам».
«Мінус у тым, што нельга крыкнуць «Фу!»
Як выбудоўваць камунікацыю з сабакам, каторы не чуе, падказалі кінолагі. Пэўнай «мовы» з агульна-сабача-зразумелымі жэстамі не існуе. Каця разам з Сашкай стваралі свае словы-жэсты самастойна. Спецыялісты падказалі, што гэтыя словы трэба ўмець «злавіць» — быць уважлівай да таго, як сабака рэагуе на пэўныя жэсты і замацоўваць патрэбныя рэакцыі праз паўтарэнне. Зараз у «лексіконе» Сашкі ёсць дастатковы шэраг камандаў, што дазваляюць выбудоўваць паўнавартасныя стасункі.
Мінус у тым, што нельга ў любы момант крыкнуць «Фу!», калі прыходзіцца даводзіць сабаку, што нельга цягнуць у рот падабранае з зямлі. Каб паведаміць нешта, трэба ўвайсці ў поле зроку Сашкі, прысесці, жэстыкуляваць, ці злавіць позірк. А сабака, калі не вельмі хоча слухацца, можа пачаць хітрыць і адварочваецца. Гэтыя свавольствы, паводле Каці, больш падобныя на пачуццё гумару сабакі. Бо яе інтуіцыя і здольнасць да сунастройкі выклікаюць у дзяўчыны толькі захапленне: «Нават не здагадвалася раней, што глухі сабака можа стаць такім адчувальным сябрам. Яна ловіць усе адценні майго настрою. А яе інтуіцыя, бясспрэчна, у разы мацнейшая за маю. Сашка вельмі далікатная і ўважлівая да ўсіх, асабліва да дзяцей. Ніколі не падбяжыць знянацку, не пачне кідацца».
«Увесь час з ёй размаўляю…»
Каця распавядае, што ніколі не разглядала свайго сабаку як непаўнавартаснага: «Яна проста асаблівая». Свае намаганні дзяўчына скіроўвала на стварэнне для асаблівай сяброўкі адпаведнага асяроддзя. «Аўтамабілі і агрэсіўныя сабакі — гэта тое, што можа быць небяспечным для яе, — адзначае Каця — я проста бяру гэта пад увагу».
Сашка, між тым, асаблівых небяспек не бачыць — яна любіць катацца ў машыне і паўнапраўна перагаўкваецца з суседскімі сабакамі на выгуле. Калі хто не ведае пра асаблівасці Сашкі, то здагадацца амаль немагчыма. Каця ведае пра гэта дакладна, яле на стаўленне да сабакі гэта не ўплывае: «Я ўвесь час з ёй размаўляю, — усміхаецца дзяўчына. — Ёсць надзея, што яна мяне чуе і разумее».
Паводле t-styl.info