Былы выратавальнік МНС разбіўся, калі чысціў дах да прыезду Лукашэнкі
Учора ў Буда-Кашалёўскім раёне ў вёсцы Бушаўка трагічна загінуў былы выратавальнік МНС: у працоўны час 33-гадовага гамяльчаніна адправілі чысціць дах кароўніка, адкуль ён зваліўся з 10-метровай вышыні і разбіўся насмерць.
У суботу, 18 лістапада, супрацоўнікаў «хімзавода» адправілі мыць дахі кароўнікаў ў вёску Бушаўка Марозавіцкага сельсавета. Як апынулася, падобныя вылазкі здзяйсняліся не ўпершыню: у сувязі з маючым адбыцца прыездам кіраўніка дзяржавы ўсе сілы былі кінутыя на тое, каб навесці парадак у ваколіцах. Людзі, якія заступалі на змену, не займаліся сваімі прамымі абавязкамі, а ехалі чысціць стрэхі кароўнікаў.
— Працавалі без страхоўкі. Дах, мабыць, быў залатаны нетрывалым матэрыялам у некаторых месцах, ён праваліўся, а Кірыл зваліўся на бетон з 10-метровай вышыні і разбіўся, — распавяла Таццяна Раманава, сястра загінулага.
У пяць гадзін вечара з трагічнымі навінамі да жонкі наведаліся прадстаўнікі арганізацыі. І з дзіўнай просьбай — не паведамляць бацькам.
Таццяна, апынуўшыся ў моргу, была шакаваная ўбачаным:
— Учора, калі ўбачыла яго ў моргу ў чорным мяшку і каровіным гаўне, я страціла прытомнасць, — не хаваючы слёз распавядае Таццяна. — Ён быў добры, любячы бацька і муж, безадмоўны сын. У яго засталіся жонка і двое маленькіх дзетак: 6 і 3 гады. Вось так у нашай краіне гінуць ратавальнікі: у чорным мяшку і кароўскім лайне.
Калегі Кірыла ўпэўненыя, што справу спусцяць на тармазах:
— Хочуць замяць пытанне. Зараз падчышчаюць паперы. Мянты сказалі, кіраўніцтва спусціць усё на тармазах. Я быў там цяпер. Бачыў месца падзення. 10 метраў. Не пашанцавала яму проста. Вельмі шкада Кіруху, жыць ды жыць. Прыгажун які быў.
У момант сустрэчы Таццяны з журналістам «Моцных Навін» пад домам бацькоў дзяжурыла машына хуткай дапамогі, а ўнутры знаходзілася кіраўніцтва: прапаноўвалі сваю дапамогу, расказвалі, што па дакументах ўсё чыста, тэхніку бяспекі Кірыл прайшоў. Аднак пытанне, што ў свой працоўны час ён рабіў на даху кароўніка і чаму апынуўся на 10-метровай вышыні без страховачнага паяса, застаецца адкрытым.
Сваякі Кірыла Раманава не збіраюцца маўчаць. Яны хочуць, каб адпаведныя органы ва ўсім разабраліся, а вінаватыя, чыімі рукамі ўсё гэта было арганізавана, панеслі пакаранне.
Заўтра адбудзецца пахаванне.
Паводле gomel.today