У Брэсце арыштавалі шасцярых абвінавачаных па справе аб беспарадках, каб не ўцяклі за мяжу
19 ліпеня стала вядома, што суд над трэцяй часткай абвінавачаных у «масавых беспарадках» у горадзе летась 10 жніўня пачнецца наноў. Такое рашэнне прынялі ў сувязі з заменай народнага засядацеля, піша «Радыё Свабода».

Ахвотныя трапіць на суд у Брэсце, архіўнае фота
Раней судовыя пасяджэнні неаднаразова пераносіліся ў сувязі з хваробай абвінавачаных. У выніку іх справы вырашылі вынесці ў асобную вытворчасць.
На лаве падсудных сярод трэцяй часткі абвінавачаных у «беспарадках» 12 чалавек. З іх палова (Раман Гваздзелка, Дзяніс Жук, Юрый Кузьміч, Антон Сотнікаў, Аляксандр Цялешман, Дзмітрый Тур) цягам некалькіх месяцаў знаходзяцца ў СІЗА № 7.
Астатніх шэсць асоб (Мікіта Ганчароў, Вадзім Жылінскі, Арцём Клімчук, Дзмітрый Князеў, Дзмітрый Панько, Глеб Раманаў, непаўналетні Максім Шатохін) не змяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі.
Аднак 19 ліпеня пракурор заявіў хадайніцтва аб заключэнні іх пад варту. Праваабаронцы «Вясны», спасылаючыся на інфармацыю ад прысутных на пасяджэнні, паведамляюць: дзяржабвінавачанне матывавала гэта тым, што, паводле звестак ГУБАЗіКа, фігуранты справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі.
Суддзя Святаслаў Каліна хадайніцтва задаволіў, астатніх фігурантаў, за выключэннем непаўналетняга, затрымалі.