У Беларусі зменяць закон пра ахоўную дзейнасць: з'явіцца таямнічы пункт

Права на ахоўную дзейнасць — магчыма, нават з выкарыстаннем зброі — цяпер можа давацца не толькі раней пералічаным у законе сілавым структурам, але і «іншым арганізацыям», якія будуць вызначаюцца «прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

У Беларусі можа з’явіцца больш структураў, якія вядуць ахоўную дзейнасць — магчыма, і ўзброеную. Прызначаць іх будзе асабіста Аляксандр Лукашэнка. Гэта прадугледжваецца папраўкамі ў адпаведны закон, які Палата прадстаўнікоў ужо прыняла ў двух чытаннях і накіравала ў Савет Рэспублікі, паведамляе «Люстэрка».

Цяпер да арганізацый, якія займаюцца ахоўнай дзейнасцю, адносяцца:

  • сілавыя структуры, МНС, памежныя і мытныя органы;
  • Беларуская чыгунка;
  • арганізацыі цывільнай авіяцыі;
  • арганізацыі, якія маюць права стварэння ваенізаванай аховы;
  • арганізацыі, якія не маюць права стварэння ваенізаванай аховы.

Пералік арганізацый па двух апошніх пунктах і так на гэты момант вызначае Лукашэнка. Аднак калі папраўкі ў закон набудуць моц, у яго з’явяцца яшчэ шырэйшыя магчымасці. 

Бо, згодна з праектам, да гэтых пяці пунктаў будзе дададзены яшчэ адзін — «іншыя арганізацыі», якія вызначаюцца «прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам, Лукашэнка зможа даваць права весці ахоўную дзейнасць любым арганізацыям, якія, магчыма, не адпавядаюць замацаваным цяпер у законе фарматам. Не выключана, што ім дазволяць і карыстацца зброяй.

Цяпер арганізацыі, якія маюць права ахоўнай дзейнасці (напрыклад, прадпрыемства са службай аховы) маюць права ахоўваць сваіх работнікаў і свае аб’екты, усталёўваць ахоўныя сістэмы. Ваенізаваныя могуць пры гэтым выкарыстоўваць зброю.

Папраўкі здымуць для ахоўных арганізацый забарону на суправаджэнне тавараў і транспартных сродкаў, што перамяшчаюцца па тэрыторыі Беларусі пад мытным кантролем. Пакуль што займацца гэтым могуць толькі сілавыя структуры.

Акрамя таго, уводзіцца абавязковы кваліфікацыйны экзамен для работнікаў ваенізаванай і неваенізаванай аховы. Парадак яго правядзення будзе вызначаць МУС.

Законапраект упершыню паступіў у Палату прадстаўнікоў яшчэ зімой і ў сакавіку быў прыняты ў першым чытанні. 

28 чэрвеня пасля правак (якіх менавіта, невядома) яго прынялі ў другім чытанні. Пасля ўхвалення ў Савеце Рэспублікі і падпісання Лукашэнкам закон уступіць у сілу праз паўгода.

Нагадаем, у Беларусі ўжо існуе прыватнае ахоўнае прадпрыемства «ГардСэрвіс». У чэрвені 2020 года Лукашэнка сваім указам надзяліў яго правам выкарыстоўваць агнястрэльную зброю. У іншых ПАП у краіне такіх прывілеяў няма. 

Арганізацыя звязаная з найбліжэйшым колам Лукашэнкі, а менавіта з ягоным даўнім паплечнікам Віктарам Шэйманам. У 2022 годзе кампанія павялічыла штат супрацоўнікаў і пачала актыўныя трэніроўкі з выкарыстаннем баявога ўзбраення і навучаннем штурмавым дзеянням. Інструктарамі былі спецназаўцы і байцы ПВК Вагнера. «Цяпер кампанія амаль не займаецца аховай аб’ектаў, а шчыльна трэніруецца па ваеннай тэматыцы», — паведамляла тады крыніца «Люстэрка».

https://news.zerkalo.io/economics/43246.html?c