У Беларусі +5 новых палітвязняў

Яшчэ пяцёра чалавек прызнаны зняволенымі па палітычных матывах. Усяго ў Беларусі на 1 чэрвеня праваабаронцы лічаць палітвязнямі 454 чалавека. 

mycollages__21_.jpg


У спісе палітвязняў пяць новых прозвішчаў. Што пра іх вядома?
Руслан Валюк — жыхар Смаргоні, абвінавачаны па ч. 2 арт 188 Крымінальнага кодэкса («Паклёп») за тое, што разам з Інэсай Маркавай распаўсюдзіў ў горадзе шляхам расклейвання ўлёткі, у якіх утрымліваліся «заведама ілжывыя» звесткі, якія зганьбілі супрацоўнікаў міліцыі.
«У сярэдзіне верасня на вуліцах Смаргоні з'явіліся ўлёткі з інфармацыяй пра мясцовых міліцыянераў і чыноўнікаў. Начальніка аддзела аховы правапарадку Смаргонскага РАУС Руслана Ткачова аўтары ўлётак абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў затрыманнямі пратэстоўцаў 9–11 жніўня, і ў злоўжыванні службовым становішчам. А пра намесніка дырэктара школы №5 Аксану Шаўлюк было сказана, што яна сказіла вынікі галасавання на ўчастку, дзе працавала старшынёй камісіі».
Суд Смаргонскага раёна 18 лютага абвясціў прысуд па гэтай крымінальнай справе. Руслан Валюк атрымаў 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
З 29 траўня адбывае пакаранне ў ПУАТ №21.

Адрас для лістоў: Выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу №21. 247760, г. Мазыр, бульвар Юнасці, 24 
Арцём Кандрацьеў — жыхар Оршы, абвінавачаны па арт. 188 Крымінальнага кодэкса («Паклёп»). Згодна з абвінавачаннем, Кандрацьеў 12 жніўня размясціў фота начальніка аршанскай інспекцыі па справах непаўналетніх Вішнеўскага і звесткі, якія следства палічыла абразлівымі і ілжывымі.
25 лютага судом Аршанскага раёна ён быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
З 29 траўня адбывае пакаранне ў ПУАТ №6.
Адрас для лістоў: Выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу №6. 225889, Брэсцкая вобл., Кобрынскі раён, в. Лушчыкі.
Дзмітрый Лукашэвіч— жыхар Магілёва, абвінавачаны па ч. 2 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта») і ч. 2 арт. 339 КК («Злоснае хуліганства»). Згодна з абвінавачаннем, Лукашэвіч прымаў удзел у вырабе «лялек» з тварамі беларускіх чыноўкаў, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнкі, і іх спальванні пад Магілёвам.
Лукашэвіча змясцілі пад варту 2 сакавіка. Ён чакае суда.

Адрас для лістоў: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.
Андрэй Шарэнда — грамадскі актывіст з Брэста. Супраць Андрэя ўзбуджаны дзве крымінальныя справы: па артыкуле 361 КК («Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і па артыкуле 368 КК («Абраза прэзідэнта»). Справа за абразу прэзідэнта была ўзбуджана пасля інтэрв'ю Андрэя ад 29 сакавіка 2021 года, у якім, паводле паведамлення пракуратуры, ад яго імя ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць прэзідэнта.
Жонка Андрэя — актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца пад вартай па крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, абразе прэзідэнта і службовых асоб. У сям'і двое дзяцей.
З 31 траўня Андрэй Шарэнда знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Сяргей Рудзінскі — жыхар Оршы, мае двух непаўналетніх дзяцей. Асуджаны на 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). Яго прызналі вінаватым у абразе начальніка аршанскай інспекцыі па справах непаўналетніх Вішнеўскага у каментары ў чаце «Орша 97%» у Тэлеграме.
З 17 красавіка адбывае пакаранне ў папраўчай установе №29. 
Адрас для лістоў: Выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу №29. 230415, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118.