У Белаазёрску настаўніцу затрымалі наўпрост на ўроку. Вучні плакалі
«Пачнем з таго, што нашая школа №3 Белаазёрска — не запляміла сябе фальсіфікацыямі. У пратаколе была перавага Ціханоўскай больш чым у два разы», — распавяла Таццяна Брыч «Нашай Ніве».
Таццяна Брыч з калажам са здымкаў белаазёрцаў у сваю падтрымку
Невялікі — на 11
тысяч, — Белаазёрск, на тым тыдні шакавала гісторыя затрымання мясцовай
настаўніцы Таццяны Брыч.
Жанчына ўжо 24 гады выкладае рускую мову і літаратуру ў роднай школе №3, якую сама ж некалі і скончыла.
І тут па яе міліцыя прыйшла проста на ўрок, калі Брыч выкладала дзесяцікласнікам. Прычына — народны артыкул 23.34, ужо не першы для жанчыны, але першы — з такім затрыманнем. Некаторыя дзеці, назіраючы сітуацыю, плакалі.
Грошы на першы штраф у свой час Брыч сабралі калегі, а пасля другога затрымання, калі чалавек проста знік, па горадзе прайшла хваля салідарнасці, у якую ўключыліся многія вучні Брыч.
Пакуль тры дні яе трымалі ў ізалятары да суда, выпускнікі спрабавалі высветліць, чаму затрымліваюць настаўнікаў, і зрабілі для яе душэўную фотасесію з плакатамі.
Пасля суда, на якім Брыч атрымала 10 базавых велічынь штрафу, жанчына расказала, чаму актыўнічае ў Белаазёрску і чаму там кашмараць людзей.
«Мы ў пратэсным руху ад самага пачатку: выходзілі на акцыі, у ланцугі салідарнасці, але потым пачалі ціснуць, пасыпаліся пратаколы. Сімволіка і лозунгі зніклі, але некаторыя неабыякавыя людзі збіраліся на плошчы ў такім фармаце: сядзем на лавы, возьмем чаю, печыва, сядзім і гаворым.
25 лістапада ў адной з нашых сябровак быў Дзень народзінаў, яна прынесла торт. Прыехала міліцыя, патрабавала разысціся, але мы ім: «Ай, надакучылі ўжо, адчапіцеся, у вас няма законных падставаў нас выганяць». Яны нейкі час пастаялі з намі, потым з'ехалі, але вярнуліся і сказалі, што пачнуць затрыманні. Мы разышліся.
На наступны дзень на тым месцы двое чалавек атрымалі пратаколы. А вось ужо ў пятніцу пачалася сапраўдная аблава на тых, хто быў 25-га.
Да жанчыны, якая працуе педагогам у цэнтры творчасці, прыйшлі проста на работу. Кажа, калідор быў чорны ад супрацоўнікаў — адну крохкую жанчыну дзве машыны прыехала затрымліваць.
А яны гэта спецыяльна робяць, каб затрымаць у пятніцу і трымаць выходныя ў ізалятары да суда. Мы гэта зразумелі, і зніклі, так бы мовіць. У пятніцу-суботу шукалі ўсіх, але мала каго знайшлі. Нават дактары мясцовыя — два стаматолагі, — хаваліся.
А вось ужо ў панядзелак прыйшлі па мяне.
Я ведала што прыдуць, але не думала што так: забіралі з урока ў 10-м класе, у 9:20 яны прыйшлі.
Адзін супрацоўнік з дырэктарам, — дырэктар сказала, каб я перадала усе матэрыялы, — павялі мяне ў мой кабінет. Супрацоўнік яшчэ так стаў, нібыта баяўся што я ад яго ўцяку, скокнуўшы праз акно.
Дзесяцікласніцы не зразумелі, што адбываецца, а сямікласнікі зразумелі і напалохаліся, некаторыя плакалі.
Калі я апранулася, мяне павезлі ў маю кватэру, пашукалі нешта там, нічога не знайшлі. Потым супрацоўнік з'ездзіў, відаць, да пракурора, узяў яшчэ адну санкцыю, і павезлі ўжо на месца фактычнага пражывання з мужам, забралі сістэмны блок і адправілі мяне ў ізалятар.
Наступны дзень — будні, маглі судзіць, але нічога не адбывалася. На наступны — таксама не, стала зразумела, што будуць трымаць 72 гадзіны.
Ды яшчэ ўручылі адзін пратакол па 23.4 — «непадпарадкаванне». Як я зразумела — гэта каб была нагода звольніць мяне з работы.
На судзе я атрымала штраф і выйшла на свабоду, дачка паказала мне ўсё тое, што накрэатывілі мае вучні.
Ведаеце, я не шкадую ні пра што.
Навошта мне гэта? Пачнем з таго, што нашая школа №3 Белаазёрска — не запляміла сябе фальсіфікацыямі. У пратаколе была перавага Ціханоўскай больш чым у два разы.
Я ў гэтай школе вучылася, 24 гады таму я прыйшла сюды працаваць. Гэта не праўда, што ўсе настаўнікі — фальсіфікатары.
Мне сумленне не дазваляе мірыцца з усёй гэтай хлуснёй, да якой дадаўся і гвалт. Як выкладчык літаратуры можа на гэта спакойна глядзець?
Напэўна, гэтая сістэма мяне цярпець не стане і пазбавіцца, але я пазмагаюся за тое, каб не даць сябе проста звольніць.
У мяне падтрымка неверагодная і сярод калектыва, і ў цэлым у горадзе».