У Алеся Бяляцкага пагаршаецца стан здароўя

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўжо паўгады знаходзіцца карцэры. Ягонае здароўе працягвае пагаршацца, паведаміла яго жонка Наталля Пінчук.

beliacki_copy.jpg

Яна распавяла, што Бяляцкі застаецца ў адзіночнай камеры ўжо паўгода, нягледзячы на хранічныя захворванні. «Я даведалася ад людзей, якія пакінулі турму, што стан Алеся працягвае пагаршацца, і ён не атрымлівае некаторыя неабходныя яму лекі», — паведаміла Пінчук The Associated Press.

Яна заклікала ААН «дзейнічаць больш актыўна», каб дапамагчы 61-гадоваму палітвязню.

Па словах Пінчук, апошнія паўгода Бяляцкага трымаюць у карцэры, які яна назвала «турмой унутры турмы».

«У калоніі ў Горках жудасная рэпутацыя, і праваабаронцы ведаюць, што яна служыць канвеерам для катаванняў палітычных зняволеных», — сказала яна.

Пінчук дадала, што турэмныя ўлады зрабілі больш жорсткім кантроль за перапіскай Бяляцкага і цяпер дазваляюць яму адпраўляць толькі паштоўкі, «у якіх коратка паведамляецца, што ён яшчэ жывы».

Глядзіце таксама

9 красавіка споўнілася роўна 1000 дзён з моманту затрымання Бяляцкага і яго калегаў-праваабаронцаў. З гэтай нагоды нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights і «Вясна» заклікаюць падпісаць петыцыю за вызваленне Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных зняволеных Беларусі.

Мэта — сабраць 100 000 подпісаў і перадаць іх у амбасаду Беларусі.

Ад моманту стварэння петыцыі мінулай вясной больш за 80 000 чалавек з усяго свету выказалі сваю падтрымку беларускаму праваабаронцу і выступілі за неадкладнае вызваленне палітвязняў.

Нагадаем, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага абвінавацілі ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў зняволенні з 14 ліпеня 2021 года. У сакавіку 2023 года суд Ленінскага раёна прызначыў яму 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У траўні стала вядома, што Бяляцкага этапавалі ў папраўчую калонію № 9 у Горках, якую лічаць адной з самых суровых у Беларусі. Там ён працаваў на дрэваапрацоўцы.

У 2022 годзе Нарвежскі нобелеўскі камітэт прысудзіў яму прэмію міру — разам з праваабаронцамі з Украіны і Расіі.

Паводле «Вясна», Reform.by