Тыбецкі «урад у выгнанні» сустрэнецца з беларускім «універсітэтам у выгнанні»

У кампусе ЕГУ, беларускага «універсітэта ў выгнанні», 13 чэрвеня адбудзецца сустрэча з лідарам тыбецкага «урада ў выгнанні», спадаром Лобсанг Сангаем. Разам з прадстаўніком Далай-ламы яны будуць знаходзіцца ў Літве з афіцыйным візітам. Падчас якога пагадзіліся сустрэцца з таварышамі па няшчасці.  



tibiet.jpg

Сустрэча пройдзе ў фармаце неафіцыйнага абмеркавання дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў чалавека, адукацыі, навукі і асабістай адказнасці. 

Лобсанг Сангай — тыбецкі палітычны дзеяч, кіраўнік тыбецкага ўрада ў выгнанні, абраны 27 красавіка 2011 г. у выніку галасавання тыбецкай дыяспары (55 % галасоў). Сангай атрымаў доктарскую ступень у галіне міжнароднага права ў Гарвардскім універсітэце.

Атрымаў школьную адукацыю ў Індыі ў школе для тыбецкіх бежанцаў. Затым атрымаў ступень бакалаўра права і бакалаўра мастацтваў у Дэлійскім універсітэце.

У 2004 годзе атрымаў Прэмію Янга К. Кіма з адзнакай па доктарскай дысертацыі, а таксама прэмію Фулбрайта для тыбецкіх эмігрантаў на навучанне ў Гарвардскім універсітэце, дзе атрымаў ступень магістра, а затым доктара права.

ЕГУ быў заснаваны ў 1992 годзе ў Мінску дзеля адраджэння выкладання і правядзення навуковых даследаванняў у вобласці гуманітарных і сацыяльных навук і папулярызацыі прынцыпаў гуманітарнай адукацыі ў Беларусі, уключаючы развіццё крытычнага мыслення, творчых здольнасцяў і пачуцця асабістай адказнасці.
 

Аказаўшы супраціў аўтарытарнаму ціску з боку беларускай улады, знаходзячыся пад пагрозай жорсткага абмежавання акадэмічных свабодаў і незалежнасці, ЕГУ быў гвалтоўным чынам зачынены ў 2004 годзе.
 

Дзякуючы шчодрай міжнароднай фундатарскай падтрымцы і запрашэнню з боку ўрада суседняй Літвы ЕГУ змог адрадзіцца ў Вільнюсе, дзе працягвае працаваць на карысць беларускіх студэнтаў і даследнікаў, з'яўляючыся адзіным у Еўропе ўніверсітэтам у выгнанні.

У цяперашні момант ЕГУ з'яўляецца адзіным беларускім універсітэтам, дзе беларускія студэнты і навукоўцы могуць вучыцца і праводзіць даследаванні ў атмасферы свабоды і праяўляць актыўнасць, не асцерагаючыся негатыўных наступстваў.

Паводле прэс-службы ЕГУ