Тры месяцы міліцыя адмаўляе ў інфармацыі юрыстцы Тамары Сяргей, абвінавачанай у рабаванні

Цягам трох месяцаў мінская міліцыя адмаўляе ў інфармацыі актывістцы Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, праваабаронцы  Тамары Сяргей, абвінавачанай у рабаванні.



zhanchini_sjargej_gp_8_7_14_logo.jpg

Нагадаем, што 6 лістапада 2015 года, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, юрыстка была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска падчас сустрэчы з актывістамі ініцыятывы, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі. Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных справаў (АУС) на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванню грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала кашалёк ў гэтай жанчыны. 

Юрыстку абшукалі, яе апытаў аперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, капітан Мікалай Жылін. На спадарыню Тамару быў складзены пратакол затрымання, а затым пасля ўсіх адпаведных працэдураў была вынесеная пастанова аб вызваленні юрысткі, якая была зняволеная каля чатырох гадзінаў.

Згодна Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, цягам 10 дзён павінна было вырашыцца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да юрысткі, альбо ў адмове ва ўзбуджэнні гэтай справы.

У сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў Мінскага АУС на транспарце, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі, Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу і Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку

Аднак гэтыя скаргі спадарыні Тамары ў выніку апынуліся ў тым самым Мінскім АУС на транспарце, на супрацоўнікаў якога паскардзілася праваабаронца. Атрымалася, што праверку па яе скарзе праводзілі менавіта зацікаўленыя супрацоўнікі міліцыі. У выніку такой праверкі міліцыянты прыйшлі да высновы, што (на мове арыгіналу. — М.Г.) нарушений законодательства в действиях сотрудников Минского ОВД на транспорте, а также в действиях Тарасовой Т.Н. не установлено”.

Юрыстка патлумачыла карэспандэнту НЧ, што яшчэ 2 снежня мінулага года яна звярнулася ў Мінскі АУС на транспарце з просьбай прадставіць магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі праверкі па заяве грамадзянкі Тарасавай, якая абвінаваціла праваабаронцу ў адкрытым крадзяжы ў яе 300 даляраў ЗША. Аднак начальнік Мінскага АУС на транспарце Аляксандр Мінько не задаволіў канстытуцыйнае права Тамары Сяргей і адмовіў у яе законнай просьбе.

Адказ спадара Мінько праваабаронца абскардзіла начальніку ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандру Барсукову. У лісце за подпісам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Купчэні, які падтрымаў пазіцыю спадара Мінько, Тамары Сяргей прапанавалі звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных справаў, ці ў суд.

“Такім чынам, вось ужо цягам трох месяцаў мне невядома, ці была ўзбуджаная супраць мяне крымінальная справа па заяве грамадзянкі Тарасавай. Калі справа была ўзбуджаная, дык як яна завяршылася? І ў якім статусе я зараз знаходжуся? Бо я не атрымала аніякай пастановы ў адносінах да сябе: пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, ці пра адмову ў яе ўзбуджэнні. Вось чаму я буду абскарджваць дзеянні супрацоўнікаў МУС міністру Ігару Шуневічу”, — паведаміла юрыстка.