Новыя падрабязнасці па справе збіцця ў пастарунку Канстанціна Ахроменкі

Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па збіцці ў пастарунку міліцыі сябра Руху «За Свабоду» Канстанціна Ахроменкі.



c600f407_cf2e_41ce_96f2_e970dd153307.jpg

«У крымінальнай справы па заяве Ахроменка К.У. адмовіць за адсутнасцю ў дзеянні склада злачынства», — сказана ў пастанове за подпісамі старэйшага следчага Следчага камітэта А.Л. Жукоўскага і кіраўніка Кастрычніцкага раённага аддзела Следчага камітэта У.У. Барышава.

Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец паехаў з Канстанцінам Ахроменкам у Следчы камітэт, аднак не атрымаў на дазвол прадстаўленне ягоных інтарэсаў і не быў дапушчаны на ўручэнне пастановы.

Пры гэтым, следчы, які аддаваў пастанову, сказаў, што пасля з’яўлення відэа, магчыма, адмова пра ўзбуджэнне справы будзе перагледжаная і будзе далейшае разбіральніцтва.

~c600f407-cf2e-41ce-96f2-e970dd153307.jpg

Фотаздымак у пастарунку, на руках у Ахроменкі кайданкі, бачныя пабоі, на падлозе сляды крыві

«Мы з сябрам пілі піва ў дазволеным месцы на вакзале. Але з намі побач стаяла чыясьці недапітая бутэлька гарэлкі. Падышлі амапаўцы і запатрабавалі дакументы. Я пачаў размаўляць з імі па-беларуску, але яны запатрабавалі, каб я адказваў па-руску», — распавёў Ахроменка сайту Pyx.by.

Па ягоных словах, ён хацеў сысці ад міліцыянтаў, аднак тыя пачалі яго затрымліваць, а калі ён пачаў вырывацца, апранулі на яго кайданкі і даставілі ў міліцыю.

«У пастарунку яны пачалі здзекавацца з беларускай мовы, у адказ я плюнуў у твар амапаўцу, — заявіў актывіст. — Пасля гэтага яны павалілі мяне на падлогу і пачалі біць мяне берцамі».

24 студзеня, дадаў Ахроменка, ён зняў пабоі. У яго была рассечаныя вусны, сіняк пад правым вокам, гематомы па ўсім целе.

«Збіццё ва ўчастку міліцыі ці судзе — злачынства, якое павінна пераследвацца па законе, і трэба зрабіць усё, каб падобныя выпадкі спыніліся, — адзначыў сайту Pyx.by Алесь Лагвінец. — Нашая зброя — гэта публічнасць і салідарнасць».

Ён дадаў, што ў гэтай справе ёсць дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. «Дзяржава павінна сваіх службоўцаў навучыць паважаць беларускую мову, толькі ў такім выпадку будзе павага да дзяржавы і яе прадстаўнікоў», — заключыў Лагвінец.

Збіты сябра Руху «За Свабоду» сёння звярнуўся да праваабаронцаў і плануе далей адстойваць свае інтарэсы з іх дапамогай.

pyx.by